Плошча раёна: 1700 км²
Насельніцтва раёна: 46 000 чалавек
Навагрудскі раён размешчаны ва ўсходняй частцы Гродзенскай вобласці і займае тэрыторыю ў 1,7 тыс. кв. км. Мяжуе з Іўеўскім, Лідскім, Дзятлаўскім і Карэлічскім раёнамі Гродзенскай вобласці і Стаўбцоўскім раёнам Мінскай вобласці. У склад раёна ўваходзяць гарадскі пасёлак Любча, 214 сельскіх населеных пунктаў, 12 сельсаветаў.
Рэльеф раёна адрозніваецца вялікай разнастайнасцю. Большую частку займае Навагрудскае ўзвышша, уздоўж Нёмана – Верхненёманская нізіна. Самая высокая кропка над узроўнем Балтыйскага мора (323 м) – гара Замкавая ў Навагрудку.
Асноўная рака – Нёман, усяго налічваецца каля 50 невялікіх рэчак. У раёне маюцца таксама азёры: Свіцязь, Літоўка, Вадапад, Чарэшля.
Навагрудскі край – адно з самых прыгожых месц у Беларусі. Помнікі гісторыі, якія захаваліся да нашых дзён, як кадры старой кінаплёнкі, дэманструюць фрагменты багатага мінулага нашай зямлі.
Сёння Навагрудак – развіты турыстычны цэнтр, месца прыцягнення міжнародных турыстычных патокаў. Асноўнымі накірункамі развіцця турызму ў Навагрудскім раёне з’яўляюцца: пазнавальны турызм, рэлігійны турызм, аграэкатурызм і спартыўны турызм.