в. Валеўка
У вёсцы Валеўка дзейнічае праваслаўная Петрапаўлаўская царква (да 1830 года – касцёл). У храме знаходзіцца некалькі старажытных абразоў. Двухярусны драўляны іканастас, аздоблены разьбой з пазалотай. Іканастас храма быў прывезены ў 1920-я гады з Варшаўскага Свята-Аляксандра-Неўскага сабора, знішчанага ў 1926 годзе. Іконы для варшаўскага сабора пісаў мастак Васняцоў.
У Валеўскай школе размешчаны народны гісторыка-краязнаўчы музей Валеўскага краю У музеі сабрана шмат дакументаў, якія расказваюць пра гісторыю краю і яго людзей. На тэрыторыі школы таксама можна наведаць парк-дэндрарый. Парк быў закладзены ў 1960 годзе. Сёння ў парку расце каля ста відаў дрэў і кустарнікаў.
Недалёка ад Валеўкі знаходзіцца гара Радагошча. Старажытнае гарадзішча ранняга жалезнага перыяду і эпохі Кіеўскай Русі, узвышаецца на 20 м над рэчкай Нёўдай. Да 1939 года недалёка ад Радагошчы знаходзілася сядзіба Чамброў, месца дзе нарадзілася маці Адама Міцкевіча. Захавалася капліца Карповічаў, апошніх уладальнікаў маёнтка.
в. Уселюб
У вёсцы Уселюб захаваліся фрагменты сядзібна-паркавага комплексу XVIII-XX стст., гісторыя якога цесна звязана з графскім родам О’Руркаў.
О’Руркі з’яўляліся прадстаўнікамі арыстакратычнага дваранскага роду ірландскага паходжання. Яны паступілі на службу да імператрыцы Лізаветы Пятроўны ў XVIII стагоддзі. Вядома, што Іосіф О’Рурк, апошні ўладальнік маёнтка, праславіўся ў руска-турэцкай вайне, а ў час вайны з Напалеонам, у 1812 годзе, разграміў авангард генерала Мора, пераследуючыя французаў з Белавежской пушчы да самага Брэста. О’Руркі валодалі Уселюбам да 1939 года.
Касцёл Св. Казіміра (1413-1433 гг.) – самы старажытны з касцёлаў Беларусі, якія захаваліся да нашых дзён. Каля храма на могілках захаваўся сямейны склеп О’Руркаў.
Ва Уселюбе таксама дзейнічае царква Св.Міхаіла Архангела (1838-1840 гг.)
г.п.Любча
Першыя звесткі пра Любчу адносяцца да ХІІІ ст. Тады навагрудскі князь Міндоўг падарыў двор Любеч кіеўскаму баярыну Кіяну. Любча стала месцам заснавання першага легетымнага Літоўскага-рускага біскупства і дамініканскага кляштара епіскапам і літоўскім прэлатам Вітам.
Да нашага часу ў Любчы захаваўся замак. Любчанскі замак – адзін з апошніх помнікаў традыцыйнага замкавага будаўніцтва ў Беларусі. Яго ўзвядзенне пачалося ў 1581 г., а закончана ў пачатку XVII ст.
Царква Св. Іллі. Па некаторых звестках, першы драўляны храм згарэў у 1798 годзе. У 1840 годзе была пабудавана новая драўляная царква ў выглядзе крыжа на сродкі ўладальніка Любчы Вітгенштэйна. У 1910-1914 гг. на месцы старой, царквы быў пабудаваны новы каменны храм у выглядзе крыжа
У Любчы нарадзіўся таленавіты кампазітар Мікалай Набокаў (стрыечны брат знакамітага пісьменніка Уладзіміра Набокава), фалькларыст Саламон Рысінскі – першы вядомы чалавек, які назваў сябе беларусам, а сваю краіну – Беларуссю, і нават сусветна вядомы парфюмер. Духі Trésor, продаж якіх пераўзышлі нават легендарную Chanel № 5, прыдумала ураджэнка Любчы Сафія Хадаш-Гройсман.
в. Шчорсы
У 1770-я гады выдатны дзяржаўны, палітычны і грамадскі дзеяч І.Л.Храптовіч у Шчорсах пабудаваў палацава-паркавы ансамбль, над стварэннем якога працавалі лепшыя архітэктары з Італіі і Францыі. Таксама ў сваім маёнтку ён заснаваў бібліятэку, у якой захоўваліся працы вядомых філосафаў, творы рымскіх і грэчаскіх класікаў, выдатныя творы італьянскай і французскай класічнай літаратуры. У сучасны момант кнігі са Шчорсаўскай бібліятэкі захоўваюцца ў Кіеве, Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Кракаве, Варшаве.
На ўскраіне вёскі размешчаны гаспадарчы двор “Мураванка Храптовічаў”. Пабудаваная з чырвонай цэглы, здалёк “Мураванка” нагадвае замак.
У царкве Св. Дзмітрыя захоўваецца цудатворная ікона Святога вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, на рызе якой выбіта дата – 1386 г. Па легендзе, гэтую ікону ахвяраваў храму адзін з пачынальнікаў роду Храптовічаў.
Мячэць у Лоўчыцах
Мячэць была ўзведзена ў 1688 годзе. Пабудаваная з дрэва яна не раз аднаўлялася. У 2002 годзе яе зноў адбудавалі. Размешчана мячэць на могілках. Тут знаходзіцца магіла мусульманскага святога Контуся, які па легендзе валодаў цудадзейнай сілай, пры дапамозе якой мог ў адно імгненне перанесціся з Лоўчыц у Меку.
Успенская царква в.Лаўрышава
Сваю назву вёска атрымала ад слова “лаўра”, паколькі тут са старажытных часоў знаходзіўся вядомы на ўсю акругу праваслаўны манастыр – адзін з найбольш значных рэлігійна-культурных цэнтраў Беларусі, у якім вялося летапісанне і кнігапісанне.
Храм Успення Прасвятой Багародзіцы пабудаваны ў 1756 годзе (па іншых звестках у 1798) з дрэва, як храм Лаўрышаўскага манастыра. Каля храма ў 1775-1780 гг. былі пабудаваны званіца, жылы корпус, невялікі каменны будынак, у якім знаходзіліся бібліятэка і склад. Бібліятэка налічвала каля 500 тамоў.
Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр
Лаўрышаўскі манастыр – адзін з самых старажытных манастыроў Беларусі. Па царкоўнаму паданню быў заснаваны сынам літоўскага князя Траняты ў 1225 годзе на левым беразе Нёмана, каля падножжа гары. З цягам часу, манастыр, сабраўшы вялікую колькасць манахаў, стаў лаўрай, у якой прападобны Елісей быў першым настаяцелем. У ноч на 23 кастрычніка/5 лістапада каля 1250 года Елісей быў забіты падлеткам-слугою. Быў кананізаваны мітрапалітам Іосіфам Солтанам на саборы ў Вільна ў 1514 годзе.
У XIII стагоддзі манастыр быў цэнтрам летапісання і кнігапісання ў Беларусі. Каля 1329 года для Лаўрышаўскага манастыра было напісана рукапіснае Евангелле – помнік беларускага кнігапісання, якое захоўваецца зараз у бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве.
На працягу стагоддзяў манастыр бачыў славу і заняпад. Сёння ён зноў дзейнічае.
Фарны касцёл
Касцёл быў пабудаваны вялікім літоўскім князем Вітаўтам у канцы XIV стагоддзя ў гатычным стылі. У 1422 годзе тут вянчаліся кароль Польшчы Ягайла і князёўна Соф’я Гальшанская, якія далі пачатак дынастыі Ягелонаў. Тут быў ахрышчаны ў 1799 годзе Адам Міцкевіч. У бакавой капліцы касцёла знаходзіцца саркафаг з астанкамі 11 сясцёр назарэтанак, якіх расстралялі фашысты 1 жніўня 1943 года.
Храм дзейнічае.
Барысаглебская царква
Пабудавана на месцы старажытнага храма XII стагоддзя, фрагменты фундамента якога захаваліся да нашых дзён. З 1317 года храм стаў кафедральным саборам Літоўска-Навагрудскай мітраполіі і пры ім быў заснаваны мужчынскі манастыр. У 1517-1519 гг. на месцы старога быў узведзены новы мураваны храм.
З другой паловы XVIII ст. па 1915 год у храме знаходзілася перанесеная з замкавай Свята-Успенскай царквы ікона Божай Маці Замкавай, якая лічылася цудатворнай. Храм дзейнічае.
Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор
Пабудаваны ў 1780 годзе як касцёл каталіцкага ордэна францысканцаў. У 1846 годзе перададзены праваслаўным і асвечаны ў гонар Святога Мікалая. Храм перабудаваны ў стылі позняга барока з элементамі псеўдавізантыйскага стылю. Пасля адраджэння ў 1992 годзе Навагрудскай праваслаўнай епархіі становіцца кафедральным саборам.
Храм двухпрастольны. Галоўны прастол асвечаны ў гонар Мікалая Цудатворцы. Бакавы – у гонар святой мучаніцы царыцы Аляксандры. У крыптавай частцы храма размешчана царква ў гонар святых Кірыла і Мефодзія.
Храм дзейнічае.
Касцёл Святога Міхаіла Архангела
Пабудаваны ў 1624 годзе як касцёл ордэна дамініканцаў. Сучасны выгляд набыў у пачатку XVIII стагоддзя. Помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызма. Побач з касцёлам быў кляштар дамініканцаў (не захаваўся), пры якім дзейнічала дамініканская школа. У ёй вучыліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля.
Храм дзейнічае.
Мячэць
Мячэць пабудавана ў 1855 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны была зачынена. У 1997 годзе аднавіла сваю дзейнасць.