Адам Міцкевіч
Адам Міцкевіч – выдатны паэт эпохі рамантызму, публіцыст, дзеяч польскага нацыянальнага руху. Аказаў вялікі ўплыў на станаўленне польскай і беларускай літаратуры XIX ст. У Польшчы лічыцца адным з найбольш значных айчынных паэтаў эпохі рамантызму побач з Юліушам Славацкім і Зыгмундам Красінскім.
У Навагрудку дзейнічае Дом-музей Адама Міцкевіча. Упершыню музейная экспазіцыя, прысвечаная Адаму Міцкевічу, была адчынена тут у 1938 годзе.
Барыс Кіт
Вучоны ў галіне астранаўтыкі, матэматык, фізік, хімік, заслужаны прафесар Мэрылендскага універсітэта (ЗША), акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, старэйшы член Амерыканскага астранаўтычнага таварыства, ганаровы член Брытанскага міжпланетнага таварыства, член камітэта міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі (Парыж), уладальнік шматлікіх прэстыжных міжнародных прэмій. З’яўляецца ганаровым доктарам навук Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, Ганаровым грамадзянінам Навагрудка. У гістарычна-краязнаўчым музеі маецца прысвечаная яму мемарыяльная экспазіцыя.
Сафія Гройсман
Парфюмер, якая мае сусветнае імя. Яна аўтар больш пяцідзесяці араматаў духоў, сярод якіх сучасная класіка – Paris альбо Yvresse (Yves Saint Laurent) , Eternity for Women (Calvin Klein), Trésor (Lancome), Sotto Voce (Laura Biagotti), Sun Moon Stars (Karl Lagerfeld), Jaipur (Boucheron), Calyx (Prescriptives), White Linen (Estee Lauder), White Diamonds (Elizabeth Taylor) і многія, многія іншыя. Сафія нарадзілася ў мястэчку Любча Навагрудскага раёна ў сакавіку 1945 года.
Мікалай Набокаў
Вядомы еўрапейскі і амерыканскі кампазітар, буйны дзеяч культуры, стрыечны брат пісьменніка Уладзіміра Набокава, нарадзіўся і вырас у мястэчку Любча Навагрудскага раёна.
Ян Чачот
Беларускі паэт, этнограф. Адзін з першых збіральнікаў беларускага фальклора.
Ян Булгак
Беларускі і польскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, “бацька польскай фатаграфіі”, адзін з піянераў польскай мастацкай фатаграфіі, аўтар мемуараў “Край дзіцячых гадоў”. Нарадзіўся ў вёсцы Асташын пад Навагрудкам (зараз Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці).
Мікалай Дучыц
Нарадзіўся ў г.п. Любча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці 03.10.1896 г. У 1915 г. скончыў Малявальную школу Імператарскага таварыства заахвочвання мастацтваў у Петраградзе. Вучыўся ва Уладзіміра Мікалаевіча Федаровіча. Працаваў выкладчыкам на рабочых факультэтах, у студыях і школах Мінска. Прымаў удзел у мастацкіх выставах з 1925 г. Прыярытэтным накірункам творчасці быў станковы жывапіс, асабліва жанр пейзажа. Мікалай Васільевіч працаваў таксама ў станковай графіцы. Сення работы мастака знаходзяцца ў фондах Беларускага Саюза мастакоў, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, іншых музеях і ва ўласных калекцыях.
У 1933 г. Мікалай Васільевіч стаў членам Саюза савецкіх мастакоў БССР, дзе ў 1938 г. з’яўляўся старшынёй праўлення. Быў членам Беларускага Саюза мастакоў з 1940 г. Памёр 03.09.1980 г.