Выстаўка «Вялікае Княства Літоўскае. Артэфакты гісторыі» праходзіць у Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі

У Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі працуе выстаўка «Вялікае княства Літоўскае. Артэфакты гісторыі», якая прысвечана 975-годдзю першага летапіснага ўпамінання Навагрудка. Выстаўка экспануецца Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеем сумесна з Гродзенскім дзяржаўным гістарычна-археалагічным музеем.

На выстаўцы прадстаўлены археалагічныя знаходкі, якія сведчаць аб развіцці рамеслаў і гандлевых сувязей Панямоння, у тым ліку і Навагрудчыны. Аб высокім узроўні ювелірнага майстэрства расказваюць жаночыя ўпрыгожванні: бронзавыя і шкляныя бранзалеты, фібулы, пацеркі, касцяныя грэбні, упрыгожаныя дробным геаметрычным малюнкам.

У ХІІІ стагоддзі на нашай тэрыторыі пачаўся складаны працэс дзяржаваўтварэння, якому перашкаджалі спусташальныя напады на новагародскія землі мангола-татараў і крыжакоў. Але нашы продкі з гонарам выйшлі з гэтай барацьбы.   У 1253 годзе у Навагрудку адбылася каранацыя князя Міндоўга, горад стаў цэнтрам магутнай дзяржавы, імя якой Вялікае Княства Літоўскае. Гэты перыяд гісторыі на выстаўцы прадстаўлены наканечнікамі коп’яў і суліц, арбалетнымі балтамі, баявымі сякерамі, кісценямі і булавой.

Наш горад на працягу ўсёй гісторыі Вялікага Княства Літоўскага адыгрываў важную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы. У Навагрудку, як важным адміністрацыйна-тэрытарыяльным цэнтры, дзейнічалі адпаведныя органы кіравання. Тут, у цэнтры ваяводства, праводзіліся соймы і галоўныя з’езды ВКЛ, павятовыя соймікі і з’езды шляхты Навагрудскага павета. З 1581 года горад стаў месцам пасяджэнняў Галоўнага Трыбунала – вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. На выстаўцы прадстаўлены дакументы, якія датычацца маемасных спраў шляхты нашага павета.

Першыя звесткі пра самакіраванне Навагрудка адносяцца да 1444 года, калі горад атрымаў «муніцыпальныя свободы» ад вялікага князя Казіміра Ягелончыка. А ў 1511 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары падпісаў Прывілей аб наданні гораду Навагрудку магдэбургскага права. У 1595 годзе Прывілеем Жыгімонта Вазы горад атрымаў гарадскі герб з выявай архангела Міхаіла.

Гарадскі бюджэт папаўняўся за кошт дзейнасці рамеснікаў: кавалёў, ганчароў, златароў, мечнікаў, гарбароў і інш. Аб узроўні майстэрства мясцовых майстроў сведчыць кафля, прадстаўленая на выстаўцы. Кафлянымі печамі аздабляліся інтэр’еры замкаў, палацаў, сядзіб, заможных гарадскіх дамоў.

Навагрудак, як і ўсё Вялікае Княства Літоўскае, не раз цярпеў ад розных ворагаў. У час Паўночнай вайны, у пачатку ХУІІІ ст.,горад і замак былі разбураны.

На працягу многіх гадоў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Навагрудак выконваў важныя адміністрацыйныя функцыі. Тут дзейнічалі ваяводскія і павятовыя органы ўлады, ва ўсе часы горад быў эканамічным, культурным, рэлігійным цэнтрам рэгіёна. Гэта дэманструе асаблівы, насычаны, рознабаковы і змястоўны характар гісторыі Навагрудка.

Прыходзьце, калі ласка, на выстаўку ў музей, і вы зможаце даведацца пра новыя цікавыя факты з гісторыі Навагрудка.



 

Галіна Кавальчук,

старшы навуковы супрацоўнік музея