Вяртанне праз стагоддзі: «Мураванка» ў Шчорсах

Упершыню ў дакументах  Шчорсы ўпамінаюцца ў ХV ст. У другой палове ХVІІІ ст. Шчорсы ўжо набываюць еўрапейскую вядомасць, а ў пачатку ХІХ ст. становяцца адным з найбуйнейшых агратэхнічных  цэнтраў.



Адбылося гэта дзякуючы  славутаму роду Храптовічаў. Для вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці ў сваіх уладаннях Храптовічы выкарыстоўвалі перадавыя тэхналогіі ў агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, а таксама ў развядзенні рыбы ў сажалках. Гаспадарка ў Шчорсах уключала ў сябе 6 фальваркаў: Шчорсы, Марысін, Мураванку, Нягневічы, Касы Двор і Адампаль. У Храптовічаў было 1400 га ворнай зямлі, большая частка якой была асушана з дапамогай дрэнажных трубаў, сенажацяў каля 1300 га, амаль 4500 га лесу. Зямля апрацоўвалася інвентаром памешчыка наёмнымі рабочымі – парабкамі і падзёншчыкамі, у якасці якіх працавалі мясцовыя сяляне.

Для паспяховага вядзення сельскай гаспадаркі непадалёку ад сваёй сядзібы ў Шчорсах Храптовічы пабудавалі гаспадарчы комплекс «Мураванка». Ён быў ўзве­дзены ў другой палове ХІХ ст. у рэтраспектыўным стылі замкавага дойлідства. Магутныя сцены з чырвонай цэглы завяршалі вуглавыя круглыя вежы.

У фальварку «Мураванка»  займаліся жывёлагадоўляй, якая ў Храптовічаў знаходзілася ў добрым стане. У сыраварнях працавалі швейцарскія сыравары, выраблялі лепшыя ў Беларусі сарты сыроў па швейцарскіх тэхналогіях, якія затым экспартаваліся ў суседнія краіны. Пры Іяхіме Літаворы Храптовічу была разгорнута вялікая гаспадарка: тут выраблялі фурманкі, калёсы, варылі піва. У Шчорсах дзейнічалі прадпрыемствы па вытворчасці цэглы, касцяной мукі для ўгнаення глебы, дрэнажных труб. Маёнтак меў вадзяную лесапільню, тры млыны, у тым ліку адзін паравы. Тут працавалі кузні, слясарныя, сталярныя, калёсныя, бандарныя, рымарскія майстэрні. У сельскагаспадарчай вытворчасці выкарыстоўваліся сеялкі, касілкі, малацілкі, саломарэзкі, бульбакапалкі, зернедрабілкі.


У «Сельскагаспадарчай газеце» за 1880 год маецца апісанне шчорсаўскай гаспадаркі, дзе гаворыцца, што ў фальварку «Мураванка» выдатная сыраварня, якая выраб­ляе сыры па швейцарскай тэхналогіі. У Адампалі маецца паравая вінакурня, паравы млын, маслабойня па вытворчасці алею з рапсавага насення. Уся сельскагаспадарчая прадукцыя перапрацоўвалася на месцы і вывозілася. Для гэтага на Нёмане стаяла флатылія, якая складалася з дзясятка баржаў грузапад’ёмнасцю да 12000 пудоў. Неперапрацаваным вывозіўся толькі авёс.

Шчорсаўскія сяляне заўсёды вызначаліся больш высокім дабрабытам, бо пра гэта клапаціліся некалькі пакаленняў Храптовічаў. Ва ўсіх фальварках трохпольная сістэма земляробства была заменена на шматпольную. Бульбу вырошчвалі на палях, а не агародах, уводзіліся новыя сельскагаспадарчыя прылады і машыны. Задоўга да адмены прыгоннага права ў сваіх гаспадарках Храптовічы замянілі паншчыну на фіксіраваны падатак. Добрая аплата працы наёмных рабочых рабіла Шчорсы адной з перадавых гаспадарак у краіне. Таму звычайнай з’явай сталі ўцёкі сялян з іншых гаспадарак у Шчорсы. Уцякалі сюды сяляне нават з Расіі.

Яшчэ ў пачатку ХХ ст. маёнтак Шчорсы з’яўляўся найбольш яркім прыкладам вядзення памешчыцкай гаспадаркі на капіталістычнай аснове не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.

У Першую сусветную вайну праз Шчорсы прахо­дзіла лінія фронту. Гаспадарчыя пабудовы часткова былі пашко­джаны, затым пасля Другой сусветнай вайны, у савецкі час, тут знаходзіўся калгасны мехдвор. Зараз на месцы былых гаспадарчых пабудоў захавалася некалькі вежаў, руіны дамоў і стайняў. Сёння гэтыя пабудовы не выкарыстоўваюцца.



Галіна Кавальчук, старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея

“НЖ”