На пенсіі сапраўднае жыццё толькі пачынаецца, асабліва калі чалавек сам зацікаўлены зрабіць штосьці добрае і прынесці карысць іншым. Колькі ж сярод пенсіянераў актыўных і цікавых людзей, якія нават маладых могуць зарадзіць пазітывам і падзяліцца сваімі захапленнямі. У гэтым я асабіста пераканалася, калі ў чарговы раз сустрэлася з таленавітымі і энергічнымі артыстамі, удзельнікамі Народнага аматарскага аб’яднання – клуба аматараў тэатра «Мудрасць Плюс».
Тэатр, творчасць, трэці ўзрост – менавіта тры гэтыя ключавыя словы лічаць вызначальнымі для сябе ўдзельнікі народнага клуба «Мудрасць Плюс». Калектыў складаецца з 11 чалавек. Гэта былыя выкладчыкі, бухгалтары, будаўнікі, банкаўскія работнікі, якія зараз на заслужаным адпачынку, але ў якіх шмат творчых здольнасцей.
Актыўныя ўдзельнікі клуба, тэатралы Наталля Мікалаеўна Свораб-Лупашка, Феафанія Георгіеўна Ждан, Ядвіга Чаславаўна Саракапыт, Аляксандра Аляксандраўна Кур’ян, Тамара Уладзіміраўна Флейта, Ганна Уладзіміраўна Віскуб, Барыс Адамавіч Шагідзевіч, Вячаслаў Міхайлавіч Баброўскі, Ірына Міхайлаўна Зубкова, Міхаіл Кір’янавіч Касабукін, Людміла Леанідаўна Шымчонак. Пад кіраўніцтвам Іны Аляксандраўны Гайбы яны змаглі раскрыцца, і сёння не толькі спяваюць, але і ставяць спектаклі, выступаюць не толькі на раённым узроўні, але і за межамі вобласці. Пры гэтым удзельнікі клуба адчуваюць у сабе вялікі патэнцыял – яны могуць і хочуць тварыць, выступаць на сцэне, а для гэтага ў іх дастаткова вольнага часу і энергіі. Творчасць – па-за ўзростам, творчасць – гэта іх жыццё.
Аматарскае аб’яднанне «Мудрасць Плюс» (ранейшая назва «Элегія») было створана ў 2014 годзе на базе дзяржаўнай установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна». З 2017 года працягвае сваю дзейнасць пад новай назвай – «Мудрасць Плюс» ДУК «Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Яго стваральнікам, першым і нязменным кіраўніком з’яўляецца Іна Аляксандраўна Гайба.
Упершыню ўдзельнікі клуба змаглі прымераць на сабе тэатральныя ролі ў 2015 годзе, калі выступілі са сваёй першай п’есай, напісанай Кацярынай Бесараб, «Мудрая маладосць». Неаднаразова з гэтай п’есай калектыў выступаў на сцэнах дамоў культуры нашага раёна, а таксама з гэтай пастаноўкай клуб быў запрошаны ў Рэспубліканскі клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава ў Бараўлянах.
Праз год аматарскае аб’яднанне – клуб аматараў тэатра прыняў удзел у абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў «Свет захапленняў», дзе быў узнагароджаны дыпломам І ступені ў намінацыі «Лепшы грамадска-культурны клуб». Неаднаразова навагрудскія тэатралы станавіліся лепшымі ў раёне.
– У 2017 годзе стартаваў арт-праект «Мудрая маладосць», які налічваў 18 маршрутаў па Навагрудчыне. Арт-праект – гэта своеасаблівы гастрольны тур з аднайменнай пастаноўкай «Мудрая маладосць», – расказвае Іна Аляксандраўна Гайба. – Вось тады было вырашана з пастаноўкай пазнаёміць і жыхароў раёна. Мы не стаім на месцы, а развіваемся. У нашым рэпертуары з’явіўся спектакль па п’есе Васіля Ткачова «Жаночы вулей», які вельмі цёпла быў ўспрыняты гледачамі. З гэтай п’есай мы прынялі ўдзел у V абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў «Свет захапленняў» і зноў сталі ўладальнікамі дыплома I ступені. Мы вельмі ўдзячны нашым спонсарам: індывідуальным прадпрымальнікам Наталлі Ясюкевіч, Івану Каштэляну, Аляксандру Жыху, а таксама дырэктару кампаніі «Беліта-Вітэкс-Брэст» Алене Калеснік.
У цяперашні час калектыў працуе над пастаноўкай жартоўнай інсцэніроўкі Галіны Бразюль «Ну, мужыкі!».Творчая атмасфера клуба «Мудрасць Плюс» вабіць удзельнікаў сваёй добразычлівасцю, узаемапавагай, і як вынік гэтага – склад яго не мяняецца.
– Мы любім наш клуб аматараў тэатра, мы ім жывём. Тэатральная творчасць дапамагае нам пераадолець нясмеласць, няўпэўненасць, узрост, – расказваюць пра свае захапленні кожны па чарзе і ўсе разам удзельнікі клуба. – Мы з задавальненнем вяжам, вышываем, выпякаем унукам пірагі, але здольныя і на большае – выступаць на сцэне. Мы з радасцю прыходзім на рэпетыцыі. У кожнага з нас галоўныя ролі ў спектаклях, мы роўныя на сцэне, а ў жыцці мы сябры, мы адна сям’я, – дадаюць артысты.– У гэтым вялікая заслуга нашага нязменнага кіраўніка Іны Аляксандраўны Гайбы. Яна ў нас і рэжысёр, і касцюмер, і пастаноўшчык, і дэкаратар, ва ўсім мы ёй, канечне, дапамагаем, бо народны клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс» – гэта наша любімае дзецішча, без якога сёння не ўяўляем наша жыццё. Разам мы не толькі выступаем, але і адзначаем святы, дні нараджэння. Адзін аднаму, без перабольшання, раім, падказваем ды і ролі ведаем адзін аднаго на памяць.
Самай маладой артыстцы – 60, самаму старэйшаму – 86. Але ўзрост тут не мае значэння. Артысты ўкладаюць у тэатральнае жыццё ўсе свае эмоцыі і багаты жыццёвы вопыт. І нездарма калектыў у мінулым годзе быў удастоены звання народны. У рэпертуары не малыя сцэнкі, а вялікія п’есы і для ўдзелу ў пастаноўках няма ніякіх узроставых абмежаванняў. Усе пастаноўкі толькі на беларускай мове. У творчай дзейнасці клуба няма «антрактаў». У артыстаў шмат цікавых творчых задумак, якія накіраваны на добрыя справы. З часу заснавання і па сённяшні дзень не перастаюць радаваць гледачоў сваёй непаўторнай артыстычнай дзейнасцю аматары тэатра. Вось і 28 лютага народны клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс» выступіў у раённым Цэнтр культуры і народнай творчасці з прэм’ерай п’есы «Ну, мужыкі!» Гледачы цёпла віталі артыстаў, а ў завяршэнне доўга апладзіравалі і выказвалі шчырыя словы падзякі прызналіся, што атрымалі вялікі зарад энергіі і пазітыву.
Вольга Пісар, «НЖ»