Турыстычны патэнцыял Навагрудскага раёна прадстаўлены на выставе World Travel Show у Варшаве

З 18 па 20 кастрычніка аддзел турызму ўпраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама сумесна з прадстаўнікамі рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, турыстычных аператараў, санаторна-курортных устаноў і іншых арганізацый прынялі ўдзел у выставе World Travel Show у міжнародным выставачным цэнтры Варшавы Ptak Warsaw Expo.

Турыстычны патэнцыял Навагрудчыны быў прадстаўлены на сумесным стэндзе Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.

Удзельнікі выставы прадстаўлялі краіны, рэгіёны, турыстычныя агенцтвы і вытворцаў турыстычнага абсталявання. World Travel Show – гэта магчымасць даведацца пра апошнія тэндэнцыі ў галіне турызму, пра цікавыя месцы, сустрэцца з вядомымі падарожнікамі. Насычаная праграма спадарожных мерапрыемстваў дазволіла наведвальнікам правесці актыўны ўік-энд, поўны цікавых дыскусій.

Удзел у World Travel Show – гэта яшчэ адна магчымасць прадставіць турыстычны патэнцыял Навагрудскага раёна.

Галоўная тэма на Гродзенскім стэндзе – магчымасць бязвізавага наведвання тэрыторый Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, якія цалкам стануць даступныя для гасцей з 73 краін ужо з 10 лістапада. Можна з упэўненасцю сказаць, што цікавасць да Гродзенскай вобласці, у тым ліку да Навагрудскага раёна, і жаданне прыехаць сюды сярод турыстаў толькі ўзрастае.

Людміла Федарчук,
галоўны спецыяліст аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама