Гісторыя Навагрудскага краю

Жывапісная панарама Навагрудка адкрываецца падарожніку адразу пры пад’ездзе да горада. Мясцовыя краявіды зачароўваюць кожнага, хто ўпершыню прыязджае ў Навагрудак. Тут нібы стагоддзі застылі ў каменных мурах Навагрудскага замка і шматлікіх помніках, вуліцах і дамах…

Гісторыя кожнага горада з’яўляецца своеасаблівай і непаўторнай, аднак Навагрудская зямля мае асаблівае значэнне ў гістарычным мінулым беларускай дзяржавы. Менавіта тут былі закладзены падмуркі для стварэння Вялікага княства Літоўскага. Але аб усім гэтым па чарзе…

Першыя пасяленцы на тэрыторыі сучаснай Навагрудчыны з’явіліся прыкладна 4 тысячы год назад. Аб гэтым сведчаць помнікі старажытнасці: стаянкі, гарадзішчы, курганныя магільнікі.

Навагрудак у летапісах называецца таксама Наўгародак, Новагародак, Новы Гарадок. Гэта адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Згодна з археалагічнымі даследаваннямі, яго гісторыя пачынаецца ў канцы Х стагоддзя.

У Сафійскім І і Ноўгародскім IV летапісах горад упершыню ўпамінаецца пад 1044 год у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Літву. У Сафійскім І летапісе гаворыцца: “Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложил Новогород и сделал и”. Упершыню аб узнікненні горада ў 1044 годзе выказаўся расійскі гісторык В. Тацішчаў. Ён пісаў: “Сей Новгород по обстоятельству мнится литовский, который Всеслав Полоцкий хотел захватить, но князи Ярославовичи уведав, возмездно в его землю шли и перво Минск взяли, а потом на реке Немане в Литве, которая недалеко от Минска и Новгородка Литовского”. Гэтая  дата замацавана ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (Мінск, 1999 г., т. 5 і “Беларускай Энцыклапедыі” (Мінск, 2002г., т.11).

Размешчаная на жывапісных пагорках, у цэнтры Навагрудскага ўзвышша, старая частка горада мае не толькі непаўторнае аблічча, але і надзвычай багатую гісторыю.

На мяжы Х-ХI стст. была заселена Замкавая гара.

У XII ст. горад складаўся з дзяцінца (Замкавая гара) і пасада (Малы замак). Ужо за першыя два стагоддзі свайго існавання Навагрудак стаў адным з найбагацейшых гарадоў Панямоння. У гэты перыяд жыхары Навагрудка мелі шырокія гандлёвыя сувязі з балтыйскімі і скандынаўскімі княствамі, еўрапейскімі краінамі, Візантыяй і Блізкім Усходам. У ХІІ стагоддзі Навагрудак быў адным з самых багатых і развітых гарадоў Чорнай Русі і Верхняга Панямоння.

З ХІІІ ст. Навагрудак – цэнтр удзельнага княства. У 1253 годзе навагрудскі князь Міндоўг каранаваўся ў горадзе на караля Літовіі. У сувязі з гэтым Навагрудак можна па праву лічыць сталіцай і ядром стварэння Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Сын Міндоўга, Войшалк, у барацьбе супраць галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў аб’яднаў вакол Навагрудка Пінскую зямлю, Нальшаны і Дзяволтву. Гэтая тэрыторыя і склала аснову ВКЛ.

1316-1341 гг. – княжанне ў Навагрудку вялікага князя літоўскага Гедзіміна.

У 1341 годзе Навагрудскім удзельным княствам правіць Карыят Гедзімінавіч, а з 1358 года княства пераходзіць да яго сына Фёдара. У канцы ХIV ст. Навагрудак належыць Карыбуту, сыну вялікага князя літоўскага Альгерда. З 1394 года Навагрудак – цэнтр літоўскага вялікакняскага дамена.

У канцы ХIV ст. на Замкавай гары пачынаецца будаўніцтва каменнага замка, якое завяршылася ў пачатку ХVІ ст. Навагрудскі замак у ХVІ ст. меў сем мураваных вежаў, якія былі злучаны паміж сабою сценамі і дадатковыя ўмацаванні з поўначы – вялікі земляны вал і абарончы роў шырынёю 30 і глыбінёю да 4 метраў. На земляным вале былі размешчаны высокія сцены. Замак доўгі час быў адным з самых непрыступных замкаў у Беларусі.

З 1316 (1317) года ў горадзе ўстаноўлена рэзідэнцыя (кафедра) праваслаўнага мітрапаліта. З 1415 года Навагрудак – рэзідэнцыя мітрапаліта ВКЛ, з 1596 – рэзідэнцыя ўніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне XVI стагоддзя ў Навагрудку дзейнічала 10 цэркваў. У розныя перыяды ў ім было 5 касцёлаў, 6 кляштароў, сінагога і мячэць.

У горадзе тройчы праводзіліся соймы ВКЛ (1448, 1508, 1538). У 1422 г. у Фарным касцёле вянчаўся кароль Польшчы Ягайла з князёўнай Соф’яй Гальшанскай. Ад іх шлюбу пайшла знакамітая дынастыя Ягелонаў.

У 1428 годзе, увесь горад з зямлёю і сёламі Вітаўт перадаў у пажыццёвае валоданне сваёй жонцы Улляне. Тут часта бывалі Гедзімін, Альгерд, Кейстут, кіеўскія мітрапаліты.

26 ліпеня 1511 года горад атрымаў Магдэбургскае права. Праіснавала самакіраванне да 1795 года, калі Навагрудак увайшоў у склад Расійскай імперыі. З 1581 да 1775 гг. тут праходзілі паседжанні вышэйшага апеляцыйнага суда – Галоўнага Літоўскага трыбунала, а ў адной з вежаў замка размяшчаўся яго архіў.

У 1595 годзе Граматай Жыгімонта III горад атрымаў герб: на чырвоным полі – Архангел Міхаіл, які трымае ў правай руцэ меч, а ў левай – вагі. У XVI-XVIII стст. у Навагрудку пастаянна пражывала 2 – 3 тысячы чалавек.

Ваенныя падзеі, гарадскія пажары і эпідэміі XVII-XVIII стагоддзяў прывялі Навагрудак да палітычнага і эканамічнага заняпаду.

У час “крывавага патопу” (вайны 1654-1667 гг.), у верасні 1655 года Навагрудак пасля аблогі ўзялі войскі князя А.Трубецкога і ўкраінскія казакі І.Залатарэнкі. Замак быў моцна разбураны, а горад згарэў. Замак часткова аднавілі, але ў 1660 годзе ён зноў узяты маскоўскімі войскамі князя І.Хаванскага. Наёмны гарнізон, які своечасова не атрымаў плату за службу, сам адчыніў вароты замка.

У ходзе Паўночнай вайны, у 1706 годзе шведы штурмам авалодалі горадам і замкам, усё разрабавалі і амаль усе ўмацаванні ўзарвалі.

З 1795 года Навагрудак у складзе Расійскай імперыі, павятовы горад у складзе Слонімскай, з 1797 года – у Літоўскай, з 1801 года – у Гродзенскай, з 1843 года – у Мінскай губерніях.

Навагрудская шляхта актыўна ўдзельнічала ў паўстаннях 1830-1831 гг. і ў 1863-1864 гг.

На працягу XIX стагоддзя Навагрудак – невялікі гарадок, у якім каля 4000 жыхароў, 15 мураваных і 400 драўляных дамоў. У 1897 годзе ў Навагрудку пражывала каля 8000 жыхароў. У пачатку XX стагоддзя штогод у горадзе праходзіла па 6 кірмашоў.

З верасня 1915 года Навагрудак быў акупіраваны германскімі войскамі, якіх у красавіку 1919 года змянілі польскія войскі. У ліпені 1920 года Чырвоная армія ўвайшла ў Навагрудак, але палякі яе выбілі ўжо ў кастрычніку.

У 1921-1939 гг. Навагрудак – у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства і павета. Сюды ў 1922 годзе прыязджаў кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі, у маі 1924 года – прэзідэнт Станіслаў Вайцяхоўскі, у верасні 1929 года – Ігнацій Масціцкі.

У Навагрудку дзейнічала беларуская гімназія, якая ўтрымлівалася на сродкі бацькоўскага камітэта. У свой час яе закончылі будучыя беларускія паэты Анатоль Іверс, Ніна Тарас, вучоныя Барыс Кіт і Леанід Барысаглебскі. Настаўнікам малявання некалькі гадоў працаваў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч. У горадзе дзейнічалі сямігадовыя школы, ліцэй, польская гімназія, бібліятэка, клуб. Незадоўга да 1939 года быў адкрыты прыватны кінатэатр на 70 месц. Для гасцей горада была магчымасць прыпыніцца ў гасцініцах “Еўропа”, “Парыж”, “Бразілія”.

З 1939 года Навагрудак – у складзе Беларускай ССР, з 1940 года – раённы цэнтр.

З 15 студзеня 1940 года Навагрудак – цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобласці.

У гады Другой сусветнай вайны Навагрудчына знаходзілася пад нямецкай акупацыяй з 4 ліпеня 1941 года. Адной з трагічных падзей пачатку вайны з’явілася акружэнне часцей Чырвонай Арміі ў т.зв. “Навагрудскім катле”. За гады вайны ў Навагрудку і раёне загінула звыш 45 тысяч чалавек. У горадзе было разбурана каля 60% жылога фонду.

Вызвалены Навагрудак у ходзе Беластоцкай аперацыі 8 ліпеня 1944 года.

З 8 студзеня 1954 года Навагрудскі раён знаходзіцца ў складзе Гродзенскай вобласці.

У 1997 годзе Навагрудак і Навагрудскі раён аб’яднаны ў адзіную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку.

З Навагрудчынай звязаны імёны многіх выдатных людзей: канцлера ВКЛ Іахіма Літавора Храптовіча, вялікага паэта Адама Міцкевіча, паэтаў Яна Чачота, Вінцэнта Каратынскага, першага беларускага мемуарыста Фёдара Еўлашоўскага, першага фалькларыста Саламона Рысінскага, мастака Язэпа Драздовіча, фатографа Яна Булгака, нашага сучасніка, сусветна вядомага вучонага ў галіне астранаўтыкі Барыса Кіта і многіх іншых дзяржаўных, навуковых і культурных дзеячаў.