Амаль 40 гадоў жыцця Сяргея Чартко звязаны са спортам

Правільна размяркоўваць сілы, працаваць у камандзе і змагацца за вынік – менавіта да гэтага з дзяцінства нас прывучае спорт. Спартсмены вытрыманыя і настойлівыя, і гэтыя якасці яны захоўваюць на працягу ўсяго жыцця. А Сяргей Чартко спартыўныя рысы характару падмацоўвае па сённяшні дзень, працягваючы ў свае амаль 50 у складзе каманды райвыканкама выходзіць на спартыўныя старты аматарскіх спаборніцтваў. Дванаццаць гадоў ён кіруе сферай спорту на Навагрудчыне, але ў паперах не «закапаўся» і хоць зараз гатовы стаць на лыжы, сесці на веласіпед ці нырнуць у басейн. Увогуле спорт у жыцці Сяргея Васільевіча прысутнічае ўжо амаль 40 гадоў – як стаў школьнікам на лыжы, так і не сышоў са спартыўнай «трасы», толькі час ад часу мяняў накірункі руху.

– Самы лепшы спосаб адпачынку ад адміністрацыйнай работы – актыўны, з фізічнымі нагрузкамі, – упэўнены начальнік упраўлення спорту і турызму райвыканкама Сяргей Чартко. – І калі яшчэ некалькі гадоў таму навагрудчане маглі наракаць на недастаткова развітую спартыўную інфраструктуру, то цяпер любыя заўвагі адназначна будуць неабгрунтаваныя. Спартыўна-біятлонны комплекс, адкрытыя пляцоўкі для міні-футбола са штучным пакрыццём, для пляжнага футбола і валейбола, абноўлены стадыён, пляцоўкі для варкаўта, трэнажорныя залы, хакейныя каробкі… І, нарэшце, новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс з сучасным абсталяваннем і шырокім спектрам паслуг для моладзі і дарослых. Нашаму раёну многія такія ж невялікія рэгіёны могуць толькі пазайздросціць.


З Валеўскага краю

Сяргей Васільевіч нарадзіўся ў в. Ярошычы. Калі яму было каля дзесяці гадоў, сям’я пераехала ў суседнюю вёску Валеўку. Бацька Васілій Іванавіч амаль усё жыццё працаваў вадзіцелем, а мама Ніна Іванаўна – бухгалтарам. Сяргея Васільевіча і малодшую сястру Алену бацькі імкнуліся выхаваць добрымі і працавітымі людзьмі, вучылі паважаць дарослых і ў любой, нават самай складанай сітуацыі, заставацца чалавекам.

– Многаму нас навучылі і настаўнікі. У роднай Валеўскай школе працавалі педагогі з вялікай літары, адданыя сваёй справе і вучням, – адзначыў С. Чартко. – Карыстаючыся выпадкам, хачу шчыра падзякаваць матулі (бацькі, на вялікі жаль, ужо няма ўжывых) і сваім педагогам за цярпенне і разуменне. Як і многія аднагодкі, я быў непаседлівы і, здаралася, сваволіў. Хлопец. Што тут скажаш?..

– Увогуле сваё дзяцінства я ўспамінаю з радасцю, – падзяліўся Сяргей Васільевіч. – Гэта быў выдатны час, калі мы з сябрамі прападалі на вуліцы: гулялі ў футбол, хадзілі на рыбалку і купацца на Свіцязь… Толькі стаўшы дарослымі, мы разумеем, што самая бесклапотная пара – дзяцінства.


 

Музыканта не выйшла – стаў спартсменам

– Калі вучыўся, мабыць, у 5 класе, класны кіраўнік Уладзімір Аляксандравіч Урбановіч  прапанаваў запісацца ў якія-небудзь гурткі. З 27 чалавек 25 вырашылі пайсці вучыцца ў музычную школу. Я таксама. Аднак баяніста з мяне не атрымалася – запалу хапіла толькі на адзін семестр, – усміхаецца Сяргей Васільевіч. – У той жа год запісаўся ў спартыўную школу і стаў займацца лыжнымі гонкамі. У школу якраз прыехаў працаваць Іван Міхайлавіч Стома. Ён хоць і быў маладым спецыялістам, але змог і мяне, і іншых юнакоў і дзяўчат адразу захапіць спортам. Да слова, трэнерам ДЮСШ №2 ён працуе ў Валеўцы па сённяшні дзень.


Школьныя і раённыя, потым абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы – юны лыжнік Сяргей Чартко крок за крокам пакараў адзін п’едэстал за другім. Падчас вучобы ў 10 класе выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Канешне, удзельнічаў у спаборніцтвах і па іншых відах спорту.

– Як і ва ўсіх спартсменаў, былі не толькі перамогі, але і паражэнні. Аднак дзякуючы прафесіяналізму Івана Міхайлавіча, мы навучыліся не падаць духам, а рабіць работу над памылкамі і рухацца далей, наперад, – гаворыць Сяргей Васіль­евіч.



Выбар відавочны

Рашэнне Сяргея Чартко стаць настаўнікам фізічнай культуры ні ў каго з родных і сяброў здзіўлення не выклікала. У 1988 г. ён паступіў у Гродзенскі тэхнікум, а пасля яго заканчэння атрымаў вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, які скончыў у 1997 г.

– Падчас вучобы ў тэхнікуме быў двухгадовы перапынак на службу ў арміі. Праходзіў яе ў Архангельскай вобласці на касмадроме «Плясецк», большую частку ў спартыўнай роце. Трэніравацца дазвалялі толькі ў вольны і вячэрні час, – успамінае Сяргей Васільевіч. – Як бачыце, нават у арміі займацца спортам не пакінуў. Удзельнічаў у спаборніцтвах у гарадах Архангельск і Хмяльніцкі.

У 1997 г. па размеркаванні Сяргей Чартко быў накіраваны ў сярэднюю школу № 29 г. Гродна. І быццам бы ўсё складвалася добра, аднак Сяргей Васільевіч у абласным цэнтры не адчуваў сябе дома. Пасля двух гадоў адпрацоўкі ён вырашыў вярнуцца на малую радзіму і ніколі не шкадаваў аб зробленым выбары.

Муж, бацька, дзядуля

– У Валеўку я пераехаў не адзін, а з жонкай Аленай, – са шчаслівым бляскам у вачах гаворыць С. Чартко. – Разам мы ўжо 26 гадоў, пажаніліся падчас маёй вучобы ва ўніверсітэце. Валеўская зямля – гэта і яе малая радзіма, таму знаёмыя мы былі са школы. І, вядома, разам прымалі рашэнне вярнуцца ў родную вёску.


– Яна медыцынскі работнік, акушэрка. Спачатку абодва працавалі ў пансіянаце «Свіцязь». Потым я перайшоў у ДЮСШ №1 трэнерам па лыжных гонках, а Лена працаўладкавалася ў жаночую кансультацыю, – расказвае Сяргей Васільевіч. – І хоць працавалі ў Навагрудку, жыць заставаліся ў Валеўцы. Толькі ў 2009 г. мы пераехалі ў горад. На той час я ўжо год як быў начальнікам аддзела спорту райвыканкама.

Без сумненняў, як і для любога чалавека, для Сяргея Васільевіча самае галоўнае ў жыцці – сям’я. Дачка Дар’я закончыла факультэт матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Яна замужам, жыве ў Гродне. Сяргей Васільевіч і Алена Пятроўна шчаслівыя дзядуля і бабуля – унуку Дзям’яну хутка споўніцца 9 месяцаў. Сын Яраслаў пайшоў па слядах бацькі. Займаўся біятлонам у СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт». Зараз вучыцца на трэнера ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

– Мы з жонкай ганарымся нашымі дзецьмі і рады, што хоць яны ўжо і дарослыя – са сваімі позіркамі на жыццё і ўласным меркаваннем, якое не заўсёды супадае з нашым, – мы захоўваем паміж сабой даверлівыя і цёплыя ўзаемаадносіны, – падзяліўся С. Чартко. – Як нас заўсёды чакаюць і рады бачыць у бацькоўскім доме, так і мы сваіх дзяцей. 


Работа – камандная

– За 12 гадоў работы ў райвыканкаме структура аддзела (упраўлення) не раз змянялася, уносіліся карэктывы ў работу. Але ўсе гэтыя гады ў сферы спорту Навагрудчыны заўсёды працавалі і працягваюць працаваць шчырыя людзі, прафесіяналы, захопленыя сваёй справай, – адзначыў напрыканцы Сяргей Васільевіч. – Работнікі ўпраўлення, настаўнікі, трэнеры, інструктары, члены калектываў фізічнай культуры… Усе яны аб’яднаныя агульным захапленнем – спортам. Гэта вялікая каманда, якую мне пашчасціла ўзначальваць.



Анастасія Зайко, «НЖ»