У новым праекце «Часоў былых і новых сувязь» мы пазнаёмім вас з гісторыяй нашага краю

Сёлета Навагрудак адзначыць 980-гадовы юбілей. Гэтая лічба для гісторыі – толькі імгненне, але для раёна гэта перыяд станаўлення, пошуку, росту – перыяд, за які яму ўдалося заняць не толькі дастойнае, але і па паказчыках вядучае месца ў нашай краіне. Стагоддзі прыходзілі і адыходзілі,але не прайшлі без следу. Яны ў помніках горада, яго забудовах і вуліцах, у летапісах… І кожная старонка гэтай гісторыі вартая таго, каб пра яе памяталі і яе захоўвалі. Так, нам ёсць чым ганарыцца, каго славіць, памятаць і шанаваць. Галоўнае наша багацце, – гэта наша гісторыя, таленавітыя, працавітыя і мэтанакіраваныя людзі, якія любяць сваю малую радзіму. Але аб усім гэтым па чарзе…

Газета «Новае жыццё» пачынае публікацыю матэрыялаў пра гісторыю нашага краю. Гэта наш новы праект пад назвай «Часоў былых і новых сувязь». Мы будзем згадваць цікавыя факты з гісторыі горада, знаёміць з яго славутасцямі, знакамітымі людзьмі. Спадзяюся, што матэрыялы дапамогуць даведацца чытачу больш пра той час, зразумець, чым жылі нашы далёкія продкі, прадзеды, дзяды, якія праблемы іх турбавалі. І як незваротна, фатальна, некалькі разоў за кароткі час змянялася іх жыццё. А пачнём мы, вядома, з вытокаў.

Родныя мясціны: грэюць душу ўспаміны

Напэўна, нескладана здагадацца, што назва горада мае агульныя карані з назваў – Ноўгарад або Новагародак ці проста Новы Град. Сапраўды, гэтыя назвы сустракаліся ў летапісе горада Навагрудка. А вось успомніць, у якіх умовах жылі нашы далёкія продкі, мабыць, для кагосьці будзе цікава. Давайце перанясемся на некалькі стагоддзяў назад і паблукаем па тэрыторыі гэтага ўнікальнага, непаўторнага па прыроднай прыгажосці кутка беларускай зямлі.

Утульны горад на ўзвышшы атрымаў вельмі распаўсюджаную назву, але ўвайшоў у гісторыю як горад з сапраўды цікавым лёсам. Па дадзеных археалагічных даследаванняў, паселішча на тэрыторыі сучаснага Навагрудка ўзнікла яшчэ ў канцы X стагоддзя. Славянскія плямёны, якія насялялі яго, жылі ў цесным кантакце адно з адным і невялікімі групамі балцкіх плямёнаў. Першая хваля славян прыйшла сюды з поўдня ў другой палове Х стагоддзя, а ў ХІІ – новы прыток насельніцтва, у якім асноўную масу складалі валыняне і драўляне. Як вядома, сярэдневяковы горад абавязкова павінен быў мець дзве састаўныя часткі: умацаваны дзядзінец (ён яшчэ мог называцца град альбо крэмль) і пасад – прылеглае да яго рамесна-гандлёвае паселішча. Перш за ўсё быў забудаваны ўзгорак – Малы замак, прыкладна праз паўстагоддзе была абжыта Замкавая гара. У другой палове ХІ стагоддзя на Замкавай гары насыпалі вал, які ператварыў яе ў дзядзінец, а тэрыторыя Малога замка і ўзвышша зрабілася пасадам. Так паселішча стала горадам. Праз некаторы час пасад быў таксама абнесены валам і ператварыўся ў вакольны горад. Ён хутка стаў найбагацейшым горадам Панямоння. Развіццю спрыялі ўрадлівыя землі, шматлікія рамёствы. Тут жылі працавітыя людзі, якія займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам, ганчарствам, выплаўленнем жалеза і вырабамі з яго, ювелірным промыслам. Быў наладжаны гандаль, у тым ліку з замежнымі краінамі, які спрыяў прытоку новых багаццяў і росту насельніцтва. Са свайго боку гараджане прапаноўвалі сельскагаспадарчыя прадукты: мяса, сала, пушніну і іншыя дары лесу.

Таямніцы і загадкі хатняга ачага

А вы ведаеце, у якіх дамах жылі нашы далёкія продкі? Першае, на што варта звярнуць увагу, драўляныя пабудовы, узведзеныя з хвойных бярвенняў. Паміж бярвеннямі мох, які не даваў халоднаму паветру пранікнуць унутр дома, а цёпламу – выйсці з яго. Варта адзначыць, што са звычайным наземным жыллём археолагі раскапалі цэлы квартал багатых дамоў плошчаю 70-100 квадратных метраў. Толькі ўявіце! Вялікія двухпавярховыя дамы, зашклёныя шыбамі вокны, фрэскавы роспіс на сценах… Увогуле, фрэскавы роспіс – унікальная з’ява ў грамадзянскіх пабудовах таго часу. Вокны ў жылых дамах вакольнага горада мелі шыбы. Гэты факт таксама здзівіў вучоных, бо на Русі нават у ХІІ ст. яны былі рэдкасцю.

Калі такія цуды мы разгледзелі знадворку дамоў, то што чакае нас унутры? На жаль, пра мэблю канкрэтных звестак вельмі мала. Пэўна вядома, што на сценах віселі паліцы, на якіх стаяў кухонны і сталовы посуд. А самым цёплым і любімым месцам у дамах нашых землякоў была, вядома, печ. Глінабітная ці цагляная, яна размяшчалася ў адным з самых блізкіх да ўваходу куткоў. Аднак багатыя дамы Навагрудка наўрад ці абаграваліся такім чынам. Доказам таму слыжыць адсутнасць слядоў сажы. Пры раскопках некаторых паселішчаў былі знойдзены фрагменты гліняных трубаў, якія нагадвалі рэшткі дымаходаў. Верагодна, выкарыстоўваліся дымаходы падобнай канструкцыі. Унутры дамоў багатых жыхароў было знойдзена да 10 амфар. Напоўненыя віном і алеем, яны былі прывезены сюды з Паўночнага і Заходняга Прычарнамор’я. Вядома, што з Візантыі і Сірыі траплялі сюды кубкі, флаконы і іншы посуд бясколернага і каляровага шкла, размаляванага золатам і эмаллю. З Прыбалтыйскіх зямель везлі сюды бурштын і зброю, а з краін Цэнтральнай Еўропы каляровы метал. Пералік багаццяў летапіснага Навагрудка, па праўдзе, здзіўляе.

Паважаныя чытачы, спадзяюся, што вас не стаміла наша падарожжа ў мінулае. Вядома, яно не заканчваецца там, а працягваецца ў будучыні… Гэты чароўны экскурс быццам першапачаткова быў пазначаны гісторыяй. Аднак сёння гэта прыгожы каларытны горад, які запрашае гасцей акунуцца ў гісторыю і даведацца яго дзіўным мінулым. Мы з вялікім задавальненнем працягнем знаёміць вас з цікавымі фактамі. А дапамогуць нам у пазнанні гісторыі Навагрудка і наваколля, пакажуць цікавыя месцы і раскажуць шмат пазнавальнага навуковыя супрацоўнікі Навагрудскага гістарычнакраязнаўчага музея і Дома-музея Адама Міцкевіча.

Матэрыялы падрыхтаваны з дапамогай кнігі Мікалая Гайбы «Навагрудак: гістарычны нарыс».

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |

Автор:: Алина Малявская, «НЖ»