Праваслаўная царква ў імя Прасвятой Багародзіцы была пабудавана на замку ў першай палове ХІV стагоддзя. Помнік праіснаваў некалькі стагоддзяў, да 1850 года, але яго архітэктурны выгляд у розныя гістарычныя эпохі вядомы толькі па археалагічных даследаваннях, якія праводзіліся на замку ў ХХ стагоддзі.
Упершыню раскопкі замкавай царквы праводзілі ў 1924 годзе польскія археолагі. У 1970-я гады апошнія раскопкі пад кіраўніцтвам археолага М. Малеўскай дазволілі рэканструяваць першапачатковы выгляд храма і характар яго наступных перабудоў.
Археалагічныя даследаванні выявілі, што спачатку гэта быў невялікі бесслуповы храм, які ў плане меў крыху няправільны квадрат памерам 12,2х13 м. Храм меў адну вялікую алтарную апсіду з усходу і прытворам з захаду. У першай палове ХІV ст. пад купалам былі ўзведзены 4 слупы крыжападобнай формы. Яны ўтваралі падкупальны квадрат, які завяршаўся светлавым барабанам з купалам. Пад цаглянай падлогай знаходзілася крыпта, куды можна было спусціцца па мураваных прыступках.
Падмуркі царквы былі складзены з валуноў, а сцены – з буйнапамернай цэглы ў тэхніцы вендскай і гатычнай муроўкі. На бакавых фасадах храма былі зроблены плоскія выступы-рызаліты, зложаныя з блокаў жоўта-зялёнага вапняку. У спалучэнні з чырвонай цэглай гэта стварала маляўнічы дэкор у мастацкім абліччы помніка.
У другой палове ХVІІ ст. царква была прыстасавана пад касцёл і перабудавана ў стылі барока. Па цэнтры заходняй сцяны была ўзведзена высокая вежа. Пры ранейшай шырыні яго даўжыня склала 34 м.
Замкавая царква ва ўсе перыяды свайго існавання адыгрывала вельмі важную ролю не толькі ў гісторыі Навагрудка, але і Вялікага Княства Літоўскага. З 1581 да 1775 гадоў у гэтай царкве праходзілі пасяджэнні Літоўскага Трыбунала – вышэйшага апеляцыйнага суда Вялікага Княства Літоўскага.
Адной з самых важных адметнасцей царквы было тое, што тут з ХVІ ст. знаходзілася цудатворная ікона Маці Божай Навагрудскай (Замкавай), праслаўленая многімі цудамі, у тым ліку і выздараўленнем Адама Міцкевіча.
Царква была моцна пашкоджана падчас пажару 1751 года і доўгі час знаходзілася ў паўразбураным стане. У канцы ХІХ ст. яе разабралі на цэглу. Пасля пажару Замкавая ікона Маці Божай была перанесена ў Барысаглебскую царкву. Па некаторых звестках у 1915 годзе перад пачаткам Першай сусветнай вайны ікона была адпраўлена на Украіну і знаходзілася ў вёсцы Дабрадзееўка пад Чарнігавам. Сёння пра далейшы лёс гэтай іконы нічога невядома.
А вось ад былой замкавай царквы Успення Прасвятой Багародзіцы засталіся толькі рэшткі падмуркаў, якія знаходзяцца на глыбіні больш чым адзін метр. Захавалася таксама некалькі малюнкаў, зробленых ў сярэдзіне ХІХ ст. вядомымі мастакамі Канутам Русецкім, Юзафам Пешкам і інш.
Галіна Кавальчук, старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея