У сваім развіцці Новагародак прайшоў шлях ад пасёлка дрыгавічоў, які ўзнік у Х ст., гандлёва-рамеснага паселішча і цэнтра воласці ХІ ст., да пабудаванага на пачатку ХІІ ст. гарадзенскім князем Усевалодкай Яраславічам горада. Будаўніцтва новага ўмацаванага цэнтра ў першай палове ХІІ ст. на Замкавым узвышшы, якое ахоплівала сённяшнія Малы замак і Замкавую гару, знайшло адлюстраванне ў яго назве – Новы гарадок – Новагародак, Ноугородок, Навагрудак.
Магчыма, паведамленне ў Першым Сафійскім і Чацвёртым Наўгародскім летапісах пад 1044 г. аб тым, што «Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложи Новгород и сделал» датычыцца менавіта Навагрудка.
Сярэднявечча горада напоўнена многімі знакавымі падзеямі, якія характарызуюць важнасць месца Навагрудка ў тагачасным жыцці Еўропы:
Новагародская харугва ў складзе войскаў ВКЛ 15 ліпеня 1410 г. прымала актыўны ўдзел у пераможнай Грунвальдскай бітве з Тэўтонскім ордэнам, якая канчаткова спыніла нашэсце крыжакоў на славянскія землі;
З Новагародкам цесна звязаны жыццёвы лёс вядомай князёўны Соф’і Гальшанскай. Тут у Фарным касцёле ў 1422 г. адбылося яе вянчанне з польскім каралём Ягайлам, што паклала пачатак магутнай еўрапейскай дынастыі Ягелонаў;
У 1507 г. заснавана Новагародскае ваяводства і ў 1511 г. Новагародак атрымаў магдэбургскае права, якое дзейнічала ў горадзе амаль да канца XVIII ст. Прывілеем 1595 г. быў зацверджаны герб горада.
На працягу XVI ст. у Новагародку захоўвалася рэзідэнцыя (кафедра) праваслаўных мітрапалітаў, другая ў краіне пасля віленскай, сталічнай. Менавіта ў Новагародку мітрапаліт М. Рагоза выдаў пасланне аб скліканні 6 кастрычніка 1596 г. у Брэсце царкоўнага сабора, на якім была заключана ўнія і ўтворана грэка-каталіцкая царква.
З 1581 па 1775 год у Навагрудку праходзілі пасяджэнні вышэйшай судовай інстанцыі ВКЛ – Трыбунала. Гэта дазваляла фарміраваць на высокім узроўні прававую культуру мясцовага насельніцтва.
Матэрыялы з кнігі “Гісторыя Навагрудка з глыбінь вякоў да нашых дзён”, якая прымеркавана да 970-годдзя першага летапіснага ўпамінання пра горад