Сучасная Беларусь займае дастойнае месца ў сусветнай спартыўнай супольнасці. Наша краіна пастаянна ўваходзіць у дваццатку мацнейшых спартыўных дзяржаў свету, якія прымаюць удзел у Алімпійскіх гульнях. Свой уклад у развіццё фізкультуры і беларускага спорту ўносіць і Навагрудчына, якая па праву лічыцца спартыўным краем. Здароўе людзей, папулярызацыя фізкультуры, спорту, здаровага ладу жыцця, паляпшэнне спартыўнай інфраструктуры – прыярытэтныя напрамкі функцыянавання сацыяльнай сферы рэгіёну на працягу апошніх гадоў.
– У Навагрудскім раёне вядзецца эфектыўная работа па развіцці фізкультурна-спартыўнага руху, накіраванага на падрыхтоўку спартыўнага рэзерву, фарміраванне здаровага ладу жыцця ў моладзі і дарослага насельніцтва, развіцці масавага спорту, – адзначыў начальнік упраўлення спорту і турызму райвыканкама Сяргей Чартко. – Першачарговай задачай, якая забяспечвае паляпшэнне работы па ўдасканаленні фізічнага выхавання, развіцці спорту ў раёне, з’яўляецца стварэнне адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Інфраструктура – сучасная
У Навагрудскім раёне за пяць апошніх гадоў за кошт сродкаў рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэту абноўлены асфальтнае пакрыццё і хакейная пляцоўка на стадыёне «Камсамолец», абсталяваны пляцоўкі для пляжнага футбола і валейбола каля воз. Маладзёжнае, тут жа, а таксама ў гарадскім парку ўстаноўлены вулічныя трэнажоры для варкаўта, на базе інтэрната СШ № 4 адкрыты новы зал для заняткаў барацьбой і інш.
Шэраг работ праведзена ў рамках мадэрнізацыі спартыўна-біятлоннага комплексу ў в. Сялец. Стрэльбішча пашырана да 20 установак, усталяваны навесы. Павялічылася ў памерах пляцоўка каля стрэльбішча, пакладзены асфальт, пабудаваны тры домікі, абуладкавана стаянка для аўтамабіляў. У гасцініцы праведзены рамонт трох пакояў. Завершаны работы па абуладкаванні сістэмы аснежання лыжаролернай трасы даўжынёй 1800 м. Выраблена праектна-каштарысная дакументацыя па будаўніцтве новай трасы на 1500 м.
У Навагрудку па вул. Драздовіча пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Лідар». Узвядзенне гэтага аб’екта – самае маштабнае будаўніцтва апошняй пяцігодкі.
На п’едэстале навагрудчане
У раёне падрыхтоўку спартыўнага рэзерву і спартсменаў у шасці відах спорту ажыццяўляюць тры спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы і філіял вучылішча алімпійскага рэзерву. На базе СШ № 5 і 7 працуюць спецыялізаваныя па спорце класы. Вядзецца адбор таленавітых дзяцей з іншых раёнаў вобласці, якім прадастаўляецца навучанне, пражыванне і харчаванне.
У мінулым алімпійскім цыкле навагрудскія спартсмены дастойна выступалі на рэспубліканскіх і міжнародных комплексных спартыўных спаборніцтвах, станавіліся пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў і першынстваў свету і Еўропы. Пад сцягам Рэспублікі Беларусь выхаванцы навагрудскіх ДЮСШ і СДЮШАР прымалі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах па біятлоне і грэка-рымскай барацьбе. Сярод іх барцы грэка-рымскага стылю Аляксандр Грабовік, Андрэй Міхайлоўскі, Максім Шэдзь, Аляксандр Пісарук, біятланісты Аляксандр Мацкевіч, Антон Шыдлоўскі, Раман Малуха, Вадзім Радзюк, Андрэй Гаўраш, Віялета Ерамей і інш.
Яскрава, маштабна, пераможна
ІІ Еўрапейскія гульні сталі для Беларусі самым маштабным спартыўным форумам мінулага года, сапраўдным святам і часам яскравых перамог. Галоўная спартыўная падзея прайшла з навагрудскім адценнем. Менавіта ў нашым горадзе быў выраблены факел – асноўны атрыбут эстафеты «Полымя міру». Дарэчы, і сама эстафета пабывала ў Навагрудку 21 мая. Неверагодныя эмоцыі і ўражанні падарылі гульні шматлікім балельшчыкам, сярод якіх было больш за 500 навагрудчан. Важнай падзеяй для жыхароў Навагрудчыны стала выступленне нашага земляка, барца грэка-рымскага стылю, майстра спорту міжнароднага класа Аляксандра Грабовіка, які стаў сярэбраным прызёрам ІІ Еўрапейскіх гульняў.
Лічбы і факты
Штогод у Навагрудскім раёне сярод розных катэгорый насельніцтва праводзяцца спаборніцтвы па 16 відах спорту. За апошнія пяць гадоў праведзена больш за 350 фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел больш за 20000 чалавек.
З 2015 г. у раёне праводзяцца зімовая і летняя спартакіяды кіруючых работнікаў, у якіх штогод прымаюць удзел каля 22 калектываў.
Спартыўная інфраструктура Навагрудчыны ўключае каля 160 аб’ектаў.
У вучылішчы алімпійскага рэзерву і школу вышэйшага спартыўнага майстэрства перададзены 32 выхаванцы ДЮСШ і СДЮШАР. У спісачны склад розных нацыянальных каманд Беларусі ўваходзілі 62 спартсмены Навагрудчыны.
За 2015-2019 гг. 4 спартсмены выканалі нарматыў майстра спорту Рэспублікі Беларусь, 25 – кандыдата ў майстры спорту, больш за 160 атрымалі 1 разрад.
Каля 25 разоў навагрудскія спартсмены станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і больш за 80 разоў абласных спаборніцтваў.
Сёння ў Беларусі ў галіне турызму рэалізуецца дзяржаўная праграма і шэраг праектаў, якія накіраваны на стварэнне сучаснай інфраструктуры турызму ў розных рэгіёнах краіны, фарміраванне і развіццё сучаснага канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, павелічэнне ўкладу турызму ў нацыянальную эканоміку. Значная работа па прыцягванні беларускіх і замежных турыстаў, прасоўванні сваіх брэндаў, развіцці розных напрамкаў турызму за апошнія гады праведзена і на Навагрудчыне.
– Турыстычная галіна прызнана адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця Навагрудскага раёна. Багатая гістарычна-культурная спадчына, асаблівасці рэльефу мясцовасці і маляўнічыя куткі прыроды даюць магчымасць для развіцця розных відаў турызму, – падкрэсліў Сяргей Чартко. – Вялікае значэнне для развіцця турызму мае ўзаемадзеянне ўсіх суб’ектаў – райвыканкама, устаноў культуры, арганізацый сферы абслугоўвання, прыватных кампаній, уладальнікаў аграсядзіб і інш. Мы яшчэ знаходзімся на шляху ўдасканалення турыстычнай інфраструктуры і сервісу. Але ўжо сёння можна гаварыць аб эфектыўнасці зробленых крокаў, якія садзейнічаюць павелічэнню колькасці турыстаў.
З мэтай арганізацыі розных відаў турызму распрацаваны 12 турыстычных маршрутаў. Для развіцця турыстычнай галіны Навагрудчыны прыцягваюцца сродкі міжнароднай тэхнічнай і гуманітарнай дапамогі: у 2013-2020 гг. рэалізавана шэсць праектаў на агульную суму каля 300 тыс. долараў ЗША.
Акцэнт на інфармаванне
Спецыялісты ўпраўлення і турысцка-інфармацыйнага цэнтра праводзяць вялікую работу па інфармаванні беларускіх і замежных грамадзян аб турыстычнай прывабнасці Навагрудчыны. З гэтай мэтай у 2017 г. створаны сайт «Турызм і адпачынак на Навагрудчыне» (novtour.by), які пастаянна папаўняецца новымі матэрыяламі, а таксама тэматычныя старонкі ў сацыяльных сетках.
Наладжана ўзаемадзеянне з беларускімі і замежнымі СМІ рознага ўзроўню. Ладзяцца рэкламныя туры для тураператараў і журналістаў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы. Турыстычны патэнцыял Навагрудчыны за апошнія гады быў прадстаўлены на тэматычных выстаўках як у Беларусі, так і за межамі нашай краіны – «Адпачынак», «Турбізнес», «Еўрарэгіён «Нёман», «Прафтур», «Advetur», «Balttur», «TT Warsaw», «New York Times Travel Show».
Значна палепшылася інфармацыйная інфраструктура – каля турыстычных аб’ектаў, на вуліцах горада, турыстычных маршрутах устаноўлены адпаведныя шыльды, стэнды, банеры, таблічкі, шчыты, стылізаваныя ліхтары і дарожныя знакі.
У 2015 г. – пачатку 2020 г. выдадзена больш за 15 найменняў друкаванай прадукцыі.
Геаграфія турызму
Найбольшую каштоўнасць для развіцця на Навагрудчыне пазнавальнага турызму ўяўляюць помнікі гісторыі і культуры, месцы, звязаныя з важнымі гістарычнымі падзеямі і з імёнамі знакамітых гістарычных асоб. Значны ўклад у развіццё дадзенага накірунку ўносяць Дом-музей Адама Міцкевіча і гістарычна-краязнаўчы музей, якія штогод наведваюць каля 50 тыс. чалавек – беларусаў і грамадзян іншых краін. У Навагрудку працуе адзіны ў рэспубліцы музей Халакоста, які на сённяшні дзень уяўляе цэлы комплекс з музейнай экспазіцыяй, помнікам, садам і сцяной Памяці. Значнай папулярнасцю ў турыстаў карыстаюцца Навагрудскі і Любчанскі замкі, фрагменты сядзібна-паркавага комплексу Храптовічаў у Шчорсах, карцінная галерэя мастака Кастуся Качана і інш. На прыкладзе экспазіцыі міні-макетаў «Страчаная спадчына» ў раённай бібліятэцы і аднайменным музеі пад адкрытым небам па вул. Міцкевіча госці горада маюць магчымасць пазнаёміцца з помнікамі архітэктуры, якія не захаваліся да нашых дзён альбо былі значна разбураныя.
Улічваючы той факт, што на працягу многіх стагоддзяў раён з’яўляецца месцам суіснавання розных культур і рэлігій, Навагрудчына валодае значным патэнцыялам для развіцця рэлігійнага турызму. На тэрыторыі раёна знаходзяцца месцы паломніцтва прадстаўнікоў розных рэлігій. Гэта Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, храм Святых князёў Барыса і Глеба, касцёл Святога Казіміра ў аг. Уселюб, Фарны касцёл, мячэці ў Навагрудку і Лоўчыцах і інш. Распрацаваны турыстычны маршрут «Валаам на Навагрудчыне».
Значнага развіцця дасягнуў актыўны турызм. У 2017 г. было распрацавана, прамаркіравана і зарэгістравана чатыры веламаршруты, якія аб’ядноўваюць галоўныя славутасці горада і раёна і разлічаны на розны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі турыстаў (працягласць самага кароткага – 2 км, а самага доўгага – 50 км). Па шляху маюцца велапаркоўкі, стэнды з інфармацыяй аб саміх маршрутах і славутасцях. У 2020 г. на тэрыторыі раёна завершана маркіроўка міжнароднага веламаршрута «EuroVelo-2».
Праводзіцца работа па папулярызацыі аграэкатурызму. Свае паслугі беларускім і замежным турыстам у Навагрудскім раёне прапануюць 24 аграэкасядзібы (у пачатку 2015 г. працавала 16). Штогод тут адпачывае больш за 2000 чалавек.
Значны ўклад у развіццё экалагічнага турызму ўносіць ландшафтны прыродаахоўны заказнік «Свіцязянскі». На яго тэрыторыі з 2016 г. функцыянуе эколага-інфармацыйны цэнтр, дзе працуе фіта-клуб, абсталяваны тэматычныя пляцоўкі і фотазоны. Навагрудскім лясгасам паблізу воз. Свіцязь у чэрвені 2019 г. адкрыта экалагічная сцежка працягласцю 1200 м., таксама маюцца два месцы для размяшчэння палатачных лагераў.
Штогод расце колькасць турыстаў, якія цікавяцца паляўнічым турызмам. Паслугі па арганізацыі індывідуальных і калектыўных паляўнічых тураў на тэрыторыі раёна аказвае Навагрудскі лясгас. У распараджэнні гаспадаркі маецца дом паляўнічага ў г.п. Любча і турысцка-паляўнічы комплекс у в. Навасады.
Падзейны турызм развіваецца дзякуючы правядзенню ў раёне разнастайных свят і фестываляў. Так, у 2018 г. Навагрудскі райвыканкам стаў дыпламантам Нацыянальнай прэміі «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Праект года» за арганізацыю і правядзенне свята, прысвечанага 220-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча. У 2019 г. горад не менш маштабна адсвяткаваў 975-годдзе першага летапіснага ўпамінання Навагрудка.
Падрыхтавала Анастасія Зайко, «НЖ»