!!Новогрудчина в лицах!!

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Таму сёння наша рубрыка “Навагрудчына ў асобах” будзе прысвечана аўтару 📖📖📖 беларускага буквара 📖📖📖, з дапамогай якога ўжо не адно пакаленне беларусаў навучылася чытаць і пісаць на роднай мове, – Анатолю Клышка.
Нарадзіўся Анатоль Канстанцінавіч 16 красавіка 1935 г. у вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, якая на той час знаходзілася ў складзе Навагрудскага ваяводства, у сельскай сям’і. З Навагрудчынай яго звязвае вучоба ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1949-1952 годы) і праца карэктарам у гарадской газеце «Звязда», дзе яшчэ падчас вучобы Анатоль Канстанцінавіч апублікаваў свой першы верш.
У 1958 годзе ён скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Полымя”; на “Беларусьфільме”, у Інстытуце педагогікі Міністэрства асветы БССР, у выдавецтве «Юнацтва». Анатоль Канстанцінавіч Клышка быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і многімі іншымі ўзнагародамі, яму прысуджана званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
Сярод яго прац – навукова-метадычная і мастацкая літаратура, пераклады, публіцыстыка: «Буквар» (1969), «Пропісы да «Буквара» (1969), «Пропісы для 1 класа» (1973), дапаможнік для 1 класа «Верасок» (1978), чытанка для 4 класа «Чабарок» (1989), «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990) і інш..