Замак у Любчы аднаўляецца

Ужо шаснаццаць гадоў кіпіць работа ў Любчанскім замку. Больш за сто студэнтаў-валанцёраў штогод прыязджаюць у Любчу, каб пры­няць удзел у аднаўленні колішняй рэзідэнцыі Кішкаў і Радзівілаў. Яшчэ напачатку 2000-х гадоў здавалася, што мы страчваем Любчанскі замак. І толькі дзякуючы намаганням ураджэнца Любчы Івана Пячынскага і нераўнадушных лю­дзей, энтузіястаў і валанцёраў, замак у Любчы аднаўляецца і паўстае перад намі ва ўсёй сваёй велічы.

Штогод летнія канікулы у сярэдневяковым замку імкнуцца правесці студэнты БНТУ, БДТУ, бо перш чым прыехаць сюды, яны ўдзельнічаюць у адпаведным конкурсе. Сёлета таксама прыехала восем вучняў сярэдняй школы № 32 г. Мінска разам з настаўнікам гісторыі Ула­дзімірам Хартановічам.
–  Я сам ураджэнец Любчы, археолаг, гісторык і лічу сваім абавязкам прыняць удзел у аднаўленні замка. Тут я працаваў у 2016 і 2017 гадах, з сябрам праводзілі археалагічныя даследаванні. Пры школе стварыў выязны лагер «Археолаг», у час работы якога мы наведваем розныя аб’екты. Падчас першай змены былі ў Докшыцкім раёне, з малодшымі дзецьмі праводзілі раскопкі. У Любчу прыехаў са старэйшымі дзецьмі, каб папрацаваць фізічна, – расказаў Уладзімір Хартановіч.
– Мы на працягу 8 дзён разбіралі стары будынак, больш за тысячу цаглін нарыхтоўвалі штодня, ачышчалі ад цэменту. Пазней гэтая цэгла будзе выкарыстана для кладкі вежы. Сёлета мы закончылі школу, паступілі ў БДУ. Мяркуем прыяз­джаць сюды штогод, нам вельмі спадабалася тут, – падзяліліся сваімі ўражаннямі Глеб Міхель, Кірыл Яблонскі, Мікіта Бубневіч, Мікіта Панамароў (на здымку). – Працуючы валанцёрамі на аднаўленні помніка архітэктуры, мы дапамагаем сваёй краіне ў захаванні яе гісторыі, культуры, набыткаў нашага народа. Упэўнены, што свой уклад у агульную справу павінен унесці кожны жыхар нашай краіны.

Расказаць аб тым, што зроблена і запланавана, мы папрасілі дырэктара дабрачыннага фонду «Любчанскі замак» Івана Антонавіча Пячынскага.
– Штогод мы арганізоўваем па чатыры летнікі. Сёлета па традыцыі адкрывалі іх студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ, а зараз працуе другая змена – гэта школьнікі і студэнты БДТУ. Многія прахо­дзяць адначасова практыку. Цяпер пераважна займаемся нарыхтоўкай цэглы, вядуцца работы ўнутры вежы – тынкоўка сцен, шліфоўка падлогі, аздабленне каміна. Трэба сказаць, што валанцёры працуюць вельмі якасна і з энтузіязмам, – адзначае Іван Пячынскі. – Згодна са справа­здачай, на замку за 16 гадоў адпрацавала 2707 валанцёраў, што склала амаль 20695 чалавека-дзён. У мінулым годзе ўдзел у работах прынялі 124 валанцёры, падчас чатырох летнікаў імі адпрацавана 1288 чалавека-дзён. Летась архітэктурны праект аднаўлення замка быў разгле­джаны Міністэрствам культуры і атрымаў станоўчае заключэнне. Валанцёрамі выканана планіроўка тэрыторыі замка, прывезена 180 куб.м грунту. У Паўднёвай вежы праведзена прасушка перакрыццяў з разборкай і ўстаноўкай падшыўкі столі. У Заходняй (Брамнай) вежы пафарбавалі бэлькі перакрыцця 4 паверха, зрабілі таксама падлогу, атынкавалі сцены. Вяліся работы па аднаўленні падмурка вышынёй 10,1 м на Паўночнай (Дазорнай) вежы. Адным словам, шмат зроблена, але яшчэ нямала задумак і працы наперадзе, – пад­крэсліў дырэктар фонду «Любчанскі замак» Іван Пячынскі. – Вельмі прыемна, што сучасная мо­ладзь з павагай ставіцца да свайго мінулага, культурнай спадчыны. Для многіх гэта не першы летнік, але ёсць і тыя, хто прыехаў у Люб­чу ўпершыню, і нават з з Расіі.  Хочацца выказаць шчырую падзяку за дапамогу і падтрымку ўсім неабыякавым лю­дзям, кіраўніцтву ААТ «Прынёманскі», Сяргею і Пятру Пісарукам, Кацярыне Кузьміч.
Вольга Зачосава, «НЖ».