Выстаўка Алены Піразевай «Берасцяной мазаікі чароўны напеў» працуе ў Навагрудскім раённым Цэнтры рамёстваў

Нападалёку ад возера Свіцязь у вёсцы Навасады жыве цудоўная сям’я майстроў – Алена Міхайлаўна і Аляксандр Валянцінавіч Піразевы. Лёс аб’яднаў двух творчых людзей 35 гадоў таму, відаць, для таго, каб мацней зазіхацеў брыльянт іх таленту. А талентаў у народных майстроў дастаткова. Алена Міхайлаўна прыгожа вышывае іконы, пейзажы, піша карціны, займаецца роспісам па шоўку і вітражоў, стварае набіўныя дываны і аплікацыі з бяросты. А яшчэ – піша вершы.  Аляксандр Валянцінавіч – кавальскіх спраў майстар. Іх гасцінная аграсядзіба «Залатая падкова» нагадвае незвычайны музей, створаны рукамі саміх майстроў.

Мастацкія творы Алены Міхайлаўны і Аляксандра Валянцінавіча Піразевых былі прадстаўлены на самых розных выстаўках Беларусі: у Мінску, Гродне, Салігорску, Валожыне, Маладзечне, Мядзелі, Слоніме і, безумоўна, Навагрудку. Шмат ікон знаходзіцца ў храмах Беларусі. За прапаганду гістарычна-культурнай спадчыны і ўклад у нацыянальнае духоўнае адраджэнне майстры ўзнагароджаны шматлікімі граматамі і дыпломамі. Алена Міхайлаўна – намінант спецыяльнай прэміі Мінскага аблвыканкама ў намінацыі «народнае мастацтва».

IMG_4753IMG_4743IMG_4708

Не адзін раз творчасць сям’і Піразевых здзіўляла гледачоў на выстаўках раённага Цэнтра рамёстваў. Чарговая выстаўка «Берасцянай мазаікі чароўны напеў» і зараз працуе ў Цэнтры рамёстваў.

– Мастацтва апрацоўкі бяросты сёння не вельмі распаўсюджана. Ім займаюцца нешматлікія майстры, і спецыялізуюцца яны больш на вырабе берасцянага пано. Асвоіўшы простую берасцяную аплікацыю, Алена Міхайлаўна вынайшла сваю асабістую тэхналогію, – расказала падчас прэзентацыі выстаўкі, якая адбылася ў сераду, дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў Наталля Аляксандраўна Клімко. – Яна нарыхтоўвае квадрацікі з розных слаёў кары і фарміруе пры дапамозе кампаноўкі звычайна на картоне яскравыя і непаўторныя ўзоры з бяросты. Разнастайнасць слаёў бяросты дазваляе мастачцы ствараць карціны з рознымі адценнямі, а падфарбоўка акрылавымі фарбамі дапамагае дабівацца выразнасці ў перадачы вобразаў.

IMG_4706IMG_4664

На выстаўцы прадстаўлена 35 карцін з бяросты. Сюжэты карцін разнастайныя: выявы на іконах Маці Божай і праваслаўных святых, рамантычна-ўзнёслыя карціны-мары, родная прырода і дзівосныя кветкі. Асобная тэматыка – паляўнічыя замалёўкі, прысвечаныя мужу Аляксандру Валянцінавічу. Падчас прэзентацыі Алене Міхайлаўне была ўручана чарговая грамата за захаванне і развіццё народнай творчасці, актыўны ўдзел у выстаўках.

Таксама на выстаўцы прадстаўлена і дэкаратыўна-мастацкае кавальства Аляксандра Валянцінавіча Піразева – падсвечнікі, падковы, ружы, якія захоўваюцца ў фондах раённага Цэнтра рамёстваў.

IMG_4702IMG_4698IMG_4688IMG_4708

У 1993 годзе сям’я Піразевых пераехала на радзіму Алены Міхайлаўны на Вілейшчыну. А з 2005 года яны жывуць і працуюць на Навагрудчыне, якая сваімі краявідамі нагадвае мужчыне родны Адлер і стала для сям’і Піразевых другой радзімай.

Вольга Пісар, «НЖ»