Прыход храма у гонар Святых апостала Пятра і Паўла аграгарадка Валеўка рыхтуецца адзначыць 335-годдзе сваёй царквы

З выгляду – даволі просты драўляны будынак, але гэта храм з вялікай і няпростай гісторыяй, унікальны сваёй атмасферай, святынямі, якія ў ім захоўваюцца, і нават размяшчэннем. Гэта маляўнічае месца над звілістай дарогай на пагорку, з якога адкрываецца вельмі прыгожы від. Аднак самае неверагоднае, што за свае 335 гадоў існавання храм ні разу не зачыняўся і працягваў функцыянаваць нават у самыя складаныя часы. У чарговым матэрыяле праекта «Духоўная радаслоўная краю» расказваем пра храм у гонар Святых апостала Пятра і Паўла аграгарадка Валеўка.

Звычайна пра гісторыю храмаў Навагрудчыны нам расказ­ваюць супрацоўнікі гістарычна-краязнаўчага музея. Але на гэты раз вырашылі зрабіць выключэнне. Вось ужо шмат гадоў актыўнай прыхаджанкай храма з’яўляецца Тамара Мікалаеўна Сурага – настаўнік гісторыі Валеўскай школы і чалавек, які пра мясцовыя славутасці і гісторыю роднага краю ведае ўсё.

– Наш храм не толькі з’яўляецца самай вялікай славутасцю Валеўкі, а таксама вельмі важным архітэктурным, культурным і гістарычным помнікам рэспубліканскага значэння, – сцвярджае Тамара Мікалаеўна. – У храме перапляліся традыцыі беларускага драўлянага дойлідства канца XVII–пачатку ХХ ст.. Гэта ўнікальная драўляная царква XVII ст., пабудаваная ўвогуле без цвікоў, якая выдатна захавалася да нашых дзён.

– Згодна з найбольш распаўсюджанай версіяй, драўляны храм у Валеўцы быў перша­пачаткова пабудаваны ў далёкім 1685 г. у якасці касцёла ў складзе каталіцкага манастыра дамініканаў, – расказвае Т.М. Сурага. – Затым храм шмат разоў рэканструяваўся і перабудоўваўся. Найбольш значная рэканструкцыя была зроблена ў 1736 г., менавіта тады будынак у асноўных рысах і набыў сучасны выгляд. Іншыя рэканструкцыі нашага храма былі выкананы ў 1840-х гг. (разабраны верхнія ярусы бакавых вежаў), у 1870-х гг. (над цэнтральнай часткай храма ўзведзена вежа з купалам) і ў 1930-х гг. (да галоўнага фасада была прыбудавана трох’ярусная драўляная званіца).


За сваю трохвяковую гісторыю храм у Валеўцы некалькі разоў мяняў сваю канфесійную прыналежнасць. Канчаткова ён стаў праваслаўным пасля падаўлення паўстання 1830 г.

– Перажыла царква і цяжкія часы Вялікай Айчыннай вайны, хоць не раз побач з храмам разрываліся фашысцкія бомбы, – працягвае Тамара Мікалаеўна.

– Шмат вядомых людзей пабывала ў Валеўцы і нашым храме. Сярод іх Уладзімір Караткевіч, – з гонарам гаворыць Т.М. Сурага. – На той час настаяцелем быў айцец Міхаіл Ліннік, які ўвогуле праслужыў тут больш за 50 гадоў. Нагадаю, гэта быў яшчэ атэістычны час. Бацюшка адкрываў для пісьменніка храм, і Уладзімір Караткевіч падоўгу стаяў перад іканастасам. Дарэчы, гэта яшчэ адна ўнікальная асаблі­васць нашага храма – пазалочаны іканастас работы школы знакамітага рускага мастака Віктара Васняцова. Іканастас некалі ўпрыгожваў праваслаўны сабор у Варшаве, а ў Валеўку быў перавезены ў 1926 г.   

– Пазней Уладзімір Караткевіч падзяліўся, што на многія літаратурныя творы яго натхніў вобраз Божай Маці на іканастасе нашага храма. Пра вёску Валеўку, храм, школу, мясцовы гістарычна-краязнаўчы музей і парк-дэндрарый ён упамінае ў нарысе «Зямля пад белымі крыламі», – гаворыць Тамара Мікалаеўна і дадае: – Захапляліся нашым храмам і выхадцы з маёнтка Чамброва. Так, Іаанна Пухальска, прапраўнучка Анэлі Узлоўскай, хроснай маці Адама Міцкевіча, пасля наведвання падзялілася, што ў храме адчуваецца асаблівая прысутнасць Бога.

У апошнія гады тут неслі сваё служэнне айцец Аляксандр Співакоў, затым айцец Мікалай Орса (цяпер – благачынны цэркваў Карэліцкай акругі). Вось ужо 12 гадоў настаяцелем храма Святых апосталаў Пятра і Паўла з’яўляецца протаіерэй Аляксандр Балахонаў.

– Прыход у нас невялікі, і з мясцовых жыхароў пастаянна ў храме бывае даволі мала чалавек. Гэта, канешне, вызывае сум, але ніяк не адлюстроўваецца на выкананні ўскладзеных на мяне абавязкаў. Нельга асуджаць тых, хто прыходзіць ў храм толькі на вялікія святы. Гэта ёсць першыя крокі хрысціяніна да нябеснага, – упэўнены айцец Аляксандр.  – У нашым храме можна адчуць святасць, якая ідзе ад часцінкі мошчаў Прападобнай Еўфрасінні, цудатворнай іконы Прасвятой Багародзіцы «Пачаеўская», адчуць духоўную падтрымку Спірыдона Трыміфунцкага і Мікалая Цудатворцы. Я жадаю кожнаму пачуць прызыў Бога да пакаяння і змянення да лепшага. Будзьце бліжэй да Бога – і ваша душа знойдзе ўспакаенне. А дзе, калі не ў Доме Божым, знайсці такі жаданы кожным душэўны спакой. 


Шчырыя вернікі з любоўю дагалядаюць не толькі сам храм, а таксама магілкі святароў, якія ў розныя часы служылі ў царкве і павахаваны непадалёк ад храма. Да кожнага свята храм упрыгожваецца згодна з традыцыямі і канонамі. Шмат старання, творчасці і душэўнай цеплыні укладваюць у гэтую справу Іна Мікалаеўна Адашкевіч і яе мама Ала Іванаўна. Сярод верных і актыўных прыхаджан храма таксама Ірына Міхайлаўна Рачко.

– Наша царква для мяне – гэта частка майго жыцця, тут хрысцілася я, мае дзеці, – дзеліцца Ірына Міхайлаўна. –  Сельскі прыход вельмі адрозніваецца ад гарадскога, а настаяцель айцец Аляксандр адзін сумяшчае  ўсе абавязкі: дыякана, псаломшчыка, бухгалтара, будаўніка, экскурсавода, праводзіць вялікую работу з дзецьмі і моладдзю. А яшчэ ён вельмі чулы і ўважлівы да людзей. Кожнага выслухае, падтрымае, дасць мудрую параду. Многія мае знаёмыя з іншых раёнаў называюць нашага бацюшку праваслаўным псіхолагам і часта прыязджаюць у наш храм, каб паслухаць яго пропаведзі.



– Мы добра разумеем, што храм – гэта твар вёскі, і нас, прыхаджан, вядома, хвалюе лёс роднага храма. Адна з асноўных праблем – гэта тое, што многія людзі не ўспрымаюць яго як агульную каштоўнасць, як святыню. Іх мала хвалюе стан будынка і неабходнасць рамонтных работ, – з сумам гаворыць І.М. Рачко. – У кожнага свой шлях да Бога, але ніколі не бывае позна. Храм – гэта востраў бяспекі, у якім вернікі атрымлі­ваюць дапамогу і душэўныя сілы ісці ў гэты свет і быць пераможцамі шматлікіх спакус сучаснага свету.

Зараз настаяцель і прыхаджанне рыхтуюцца да святкавання прастольнага свята – 12 ліпеня Праваслаўная Царква адзначае дзень Святых Пятра і Паўла – а таксама 335-годдзе храма. Акрамя святочнага богаслужэння, па ініцыятыве айца Аляксандра і школы, пры падтрымцы раённага Цэнтра рамёстваў у гэты дзень будзе працаваць выстаўкакірмаш дэкаратыўна-прыкладной творчасці, ладзіцца майстар-класы па народных рамёствах, а сам храм упрыгожаць жывымі кветкамі і ручнікамі. Такім чынам святкаванне аб’яднае духоўны і культурны складнікі жыцця праваслаўных хрысціян.

Аднак святар і вернікі вельмі занепакоены тым, што не паспеюць завяршыць рамонтныя работы, якія зараз вядуцца ў храме. Не, справа не ў тым, што не хапае працоўных рук і сіл. Айцец Аляксандр сам штодня працуе. Прыход мае патрэбу ў будаўнічых матэрыялах, а таксама сродках для аплаты работы спецыялістаў.

Аказаць пасільную дапамогу прыходу Святых Пятра і Паўла аграгарадка Валеўка можа любы неабыякавы чалавек.

Дабрачынны рахунак – BY63 АКВВ 3015 0000 5456 8000 0000 у цэнтры банкаўскіх паслуг № 416 ААТ «АСБ Беларусбанк». БІК: AKBBBY2X.

Прызначэнне плацяжу – ахвяраванне.

Іншую неабходную інфармацыю можна ўдакладніць непасрэдна ў айца Аляксандра па тэл. +375444537431.

– Хачу шчыра падзякаваць за падтрымку прыхаджанам, хто без веры не ўяўляе свайго жыцця, клапоціцца аб храме, ахвяруе на яго ўтрыманне, – гаворыць айцец Аляксандр. – Таксама выказваю вялікія словы падзякі прадпрымальнікам А.М. Ясюкевічу, Д.М. Ціхановічу, А.Ф. Рачко, А.В. Федасюк, сям’і Шымко (ПГУП «БелІнструментГандаль»), СРДУП «Свіцязь», ААТ «Керамін», ТАА «Ноўаграаптгандаль», ТАА «Колерагама», Навагрудскаму ЗГА і інш., якія не засталіся ў баку ад добрай справы, якую мы распачалі. Спадзяюся, што знойдуцца і іншыя неабыякавыя людзі, якія дапамогуць нам яе завяршыць.


– Наш храм Святых апосталаў Пятра і Паўла – гэта сапраўдны цэнтр хрысціянскай культуры, – адзначылі напрыканцы Т.М. Сурага і І.М. Рачко. – Ён – нямы сведак гісторыі Валеўскага краю, славутасць Навагрудчыны, унікальны помнік архітэктуры і культуры Беларусі. І хто, калі не мы, людзі, якія жывуць у гэтай мясцовасці, нясём за яго адказнасць?..

Анастасія Пятрова, «НЖ»

Фота аўтара, з архіва настаяцеля і адкрытых крыніц