Ішлі ў Навагрудак караваны з таварам

 

«Невялікі па сваіх памерах Навагрудак па знаходках прадметаў раскошы сапернічае з праслаўленымі рускімі гарадамі, а ў шэрагу выпадкаў з’яўляецца ўладальнікам унікальных рэчаў». «…Сюды цягнуліся свое­асаблівыя караваны з рускімі і заморскімі таварамі», – так пісала пра гандлёвыя сувязі горада даследчык старажытнага Навагрудка, археолаг Фрыда Гурэвіч у кнізе «Древний Новогрудок» (1981 г.).

 

Як засведчылі археолагі, паселішча ўзнікла тут 1000 гадоў назад, яно было заснавана дрыгавічамі ў канцы X ст., а з сярэдзіны XI ст. Навагрудак – гэта ўжо горад з усімі ўласцівымі яму функцыямі. (Першае, верагоднае ўпамінанне ў летапісах – 1044 год).

XII – першай палове XIII стст. Навагрудак, знаходзячыся ўдалечыні ад тагачасных ваенна-палітычных падзей, звязаных з Ноўгарадам, Полацкам, Кіевам, стаў месцам шырокіх гандлёвых сувязей, шмат у чым унікальных для ўсёй Усходняй Еўропы. Сюды прывозіліся тавары з Кіеўскай зямлі і Прычарнамор’я, Візантыі і Блізкага Усходу, Ірана і Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі і Скандынавіі, краін Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы. Спецыфікай Навагрудка XII ст. былі яго паўнакроўныя сувязі з Візантыяй і Блізкім Усходам.

Тут знойдзены (рэдкія і для таго часу) візантыйскія каляровыя танкасценныя шкляныя кубкі, флаконы, чашы, распісаныя золатам і эмаллю, іранскія фаянсавыя чашы, посуд з арабскімі надпісамі, шаўковы пояс і інш.

Не мае сабе роўных калекцыя шклянога посуду кіеўскіх майстроў, а колькасць знойдзеных тут абломкаў амфар (больш за 2750) з паўночнага і заходняга Прычарнамор’я, увогуле, найбольшая з усіх даследаваных усходнеславянскіх гарадоў. Адкуль такое багацце? Акрамя «нармальных» гандлёвых аперацый, не выключана, што навагрудскія купцы мелі пэўныя кантакты з крыжакамі, якія рабавалі краіны Блізкага Усходу ў час сваіх «крыжовых паходаў». Якімі шляхамі траплялі замежныя тавары ў Навагрудак? Калі абагульніць, то прывозіўся ён воднымі шляхамі да Нёмана і Прыпяці, адтуль – сухапутным шляхам, хаця дарог тады, у сучасным разуменні гэтага слова, яшчэ і не было. У чыіх руках быў гандаль? У Навагрудку гэта маглі быць купцы з асяроддзя ювеліраў. Быў тады ў горадзе багаты квартал залатароў, што таксама ўнікальная з’ява таго часу. Жылі залатары ў вялікіх багатых дамах, дзе і апрацоўвалі золата, а потым раз’язджалі са сваімі залатымі вырабамі па аддаленых землях, прадаючы свой тавар і набываючы ўзамен іншыя дарагія рэчы.

З XII ст. Навагрудак (Новагародак) – цэнтр удзельнага княства, а пазней «Новагародскай зямлі». Цікава, што па нейкіх прычынах да сярэдзіны XIII ст. такі багаты горад практычна не ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах. А ў гэты час тут, на заходнебеларускіх і паўднёвалітоўскіх землях пачынае фарміравацца новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. І з канца 1240-х гадоў за Навагрудак пачынаецца шматгадовая барацьба літоўскіх і галіцка-валынскіх князёў. І цяпер зразумела, што гэта была барацьба не толькі за тэрыторыю, а за права валодаць багатым горадам. У выніку гэтых ваенных па­дзей Навагрудак страціў сваё гандлёвае значэнне, аднак стаў палітычным цэнтрам новай дзяржавы – ВКЛ.

У познім сярэднявеччы развіццю гандлю ў Навагрудку спрыяла атрыманне горадам у 1511 г. магдэбургскага права. А ў 1597 г. прывілеяй вялікага князя Жыгімонта ІІІ гораду было дазволена праводзіць 2 штогадовыя кірмашы на каталіцкія святы – Тры Каралі і Тройцу.

Найбольшае распаўсюджванне кірмашовы гандаль у Беларусі атрымаў у канцы XVIII – першай палове XIX стагоддзяў – колькасць кірмашоў дасягала 350-ці. Значным кірмашом быў Кантрактавы кірмаш у Навагрудку. Тут заключалі розныя дагаворныя здзелкі, арэндныя кантракты на маёнткі, дагаворы і ўмовы продажу і пакупкі маёнткаў і інш. Паралельна з гэтым ішоў гандаль шаўковымі і баваўнянымі тканінамі, посудам, бакалеяй, рыбай, ікрой, сельскагаспадарчымі прыладамі. Адным з буйнейшых у Мінскай губерні (куды Навагрудак увайшоў з 1843 г.) тут быў гандаль хатняй жывёлай і коньмі. З замежных тавараў на гэтым кірмашы сустракаліся турэцкі табак, французскае віно, кітайскі чай і інш.



У 1840-х гадах абарот Кантрактавага кірмашу дасягаў звыш 70 тыс. рублёў срэбрам, што было вышэйшым паказчыкам сярод іншых павятовых кірмашоў губерняў.

І ў пачатку ХХ ст. Навагрудскі Кантрактавы кірмаш заставаўся ў ліку 60 буйнейшых у Беларусі.

Кірмаш быў не толькі месцам продажу тавараў, але і месцам, як бы сказалі сёння, масавых гулянняў. Ураджэнец гэтай зямлі, будучы славуты паэт і грамадскі дзеяч Адам Міцкевіч пісаў: «Колькі тут цікавых твараў і сюжэтаў, што даюць шмат смеху і шмат пытанняў для роздуму». Яго родны брат Францішак успамінаў, што ў «старасвецкі» час «у горадзе быў вялікі рух: карэты, дрожкі безупынна грымелі па бруку ці з этыкету, ці па патрэбе, ці аддаючы адзін другому прызначаныя візіты. Дамы, убраныя ў строі, хлопцы – галантныя… Прыехалі модніцы з Варшавы, Вільні, групы артыстаў, артыстак, звычайна нейкіх немцаў з Прусіі, Аўстрыі… Гэтыя даюць канцэрты, гэтыя скачуць, іншыя, наследуючы сілу Самсона, разбіваюць на жыватах цэнтнеравыя камяні. Там паказваюць цуды на конях. Нарэшце, балы, сустрэчы, гульні…».

З сярэдзіны XIX ст. пашыраецца гандаль у крамах. У гэтым плане Навагрудак нічым асаблівым не вылучаўся. За наступныя 50 гадоў колькасць мясцовых крам павялічылася толькі з 84 да 101, у той час як у іншых гарадах рост быў больш значным. Паўплывала на гэта і тое, што новыя шляхі зносін – чыгункі і інш. –абыходзілі Навагрудак. Праўда, мясцовыя памешчыкі ў канцы XIX ст. усё ж вывозілі сваю малочную прадукцыю ў Рыгу, Вільню, Прусію.

Ажыўленне гандлю наступіла ў 1920-я гады, калі Навагрудак, згодна ўмоў Рыжскага мірнага дагавора, быў уключаны у склад Польскай рэспублікі, стаўшы ваяводскім цэнтрам. З’явілася шмат прыватных магазінаў, рэстаранаў, гасцініц. З’явіўся і новы для Навагрудка спосаб прывабіць пакупнікоў – рэклама ў газетах. У горадзе друкавалася некалькі агульна­ваяводскіх і мясцовых газет. У іх уладальнікі магазінаў у рэкламных аб’явах, прыгожа аформленых, заклікалі набываць у магазінах цукеркі, канцылярскія тавары, прамысловыя вырабы і інш.



Штотыдзень на гарадской плошчы, якая з даўніх часоў насіла назву Гандлёвая (Рынкавая, Базарная), праводзіліся базарныя дні, гандлявалі ў асноўным прадуктамі сельскай гаспадаркі.

Цікава, што базарны дзень раней быў у чацвер, а ў нядзелю базарны дзень быў недапушчальны – трэба было ісці ў царкву, касцёл. У 1955 г. мясцовы райвыканкам «па просьбе працоўных» прыняў рашэнне «перанесці базарны дзень у г. Навагрудку з чацвярга на нядзелю – агульны для ўсіх працоўных выхадны дзень». Як выглядаў базарны дзень і сама Гандлёвая плошча ў Навагрудку, можна бачыць на шматлікіх фатаграфіях 1930-х гадоў. На жаль, плошча і цэнтр горада былі практычна цалкам разбураны нямецкай бамбардзіроўкай у чэрвені 1941 г. Сёння гарадскі (раённы) рынак размяшчаецца ў іншым месцы.

Пасля рэканструкцыі ў 1998 г. гарадской плошчы і прылеглых да яе вуліц тут адкрылі некалькі новых кафэ і прыватных магазінаў, што вельмі зручна для шматлікіх мясцовых і замежных турыстаў, якія прыязджаюць пазнаёміцца з гісторыяй старажытнага Навагрудка.

 

Мікалай Гайба,

гісторык, дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча